Пошук

24.10.2023 11:06   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

21 кастрычніка на могілках у Дворышчы адбылося ўрачыстае пасвячэнне капліцы Маці Божай Ружанцовай, якая належыць парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат).

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на цырымоніі сабраліся парафіяне, шматлікія госці, у тым ліку духавенства некалькіх дэканатаў дыяцэзіі, дабрадзеі і ахвярадаўцы, якія падтрымалі будаўніцтва капліцы.

Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прывіталі пробашч тракельскай парафіі ксёндз канонік Юрый Бяганскі і мясцовыя вернікі.

Напачатку іерарх благаславіў новы крыж, устаноўлены на тэрыторыі могілак.

Напачатку мерапрыемства душпастыр парафіі распавёў прысутным, што тытул Маці Божай Ружанцовай не выпадковы для капліцы, бо яго раней мелі каталіцкія святыні, якія былі ў гэтых мясцінах.

Ёсць гістарычныя звесткі, што першая капліца ў гонар Маці Божай Ружанцовай была пабудавана ў вёсцы Дворышча рэктарам Віленскай акадэміі Гарцыя Алабіяна ў 1591 годзе.

У 1770 годзе, пасля таго, як старая капліца была зруйнавана, езуіты пабудавалі новую, а ў 1860 годзе арандатар і будучы ўладальнік Дворышча Аляксандр Вольскі пабудаваў на тым жа месцы васьмівугольную капліцу. Яна была пасвячана ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. У святыні захоўваўся абраз Маці Божай у срэбных шатах старажытнай работы.

Месцам новай капліцы, пабудаванай у 1990-я гады мясцовым калгасам, сталі вясковыя могілкі Дворышча. Аднак узведзены былі толькі сцены, унутраныя работы не вяліся. У такім стане капліца заставалася да 2019 года, калі была перададзена Лідскім райвыканкамам парафіі ў Тракелях.

Рамонт і мадэрнізацыя капліцы сталі магчымымі дзякуючы старанням пробашча парафіі ксяндза Юрыя Бяганскага, a таксама многіх людзей добрай волі і парафіянаў, якія дапамагалі ў гэтай справе малітвай, працай і ахвяраваннямі.

Потым адбылася святая Імша, якую біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць у Тракелях, найперш жыхароў Дворышча, якія на працягу многіх гадоў чакалі адкрыцця капліцы. Таксама маліліся ў інтэнцыі тых, хто прынёс у дар матэрыяльныя сродкі дзеля таго, каб капліца змагла адчыніць свае дзверы вернікам і стаць месцам, дзе будзе гучаць Евангелле і будуць здзяйсняцца святыя абрады.

У гаміліі пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ксёндз канонік Ян Кучынскі, які з 1998 да 2000 года быў душпастырам тракельскай парафіі, казаў пра важнасць малітвы Ружанца — вялікай сілы ў барацьбе са злом. 

Святар заклікаў прысутных палюбіць гэтую малітву, аб якой прасіла сама Панна Марыя, калі аб’яўлялася ў розных частках свету.

Ксёндз Ян, які таксама з’яўляецца біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства Гродзенскага рэгіёна, падзяліўся ўспамінамі аб родным доме і перажываннямі, звязанымі з ружанцовай малітвай. Ён адзначыў, што, каб адкрыць яе каштоўнасць, трэба спачатку ўзяць ружанец у рукі, а затым пачаць маліцца з верай.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да адкрыцця капліцы, найперш ксяндзу Юрыю Бяганскаму, які, прыбыўшы ў тракельскую парафію, адразу ўзяўся за гэтую справу, якая шмат гадоў чакала завяршэння.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў мясцовым вернікам, каб новая капліца, прыгожая і ўтульная, сапраўды стала для іх месцам сустрэчы з Богам, дзе яны змогуць адкрыць свае сэрцы на багацце Яго дароў.

Абноўлена 24.10.2023 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця