Пошук

02.10.2023 15:48   Тэкст: брат Сяргей Гусар OFMCap / Фота: Андрэй Пацехін / Catholic.by

30 верасня капуцын з Беларускай кустодыі ордэна брат Павел Кузьміч прыняў пасвячэнне дыяканату з рук арцыбіскупа Отранта Франчэско Нэры ў Італіі.

Урачыстая святая Імша з удзяленнем сакрамэнту пасвячэння адбылася ў базыліцы святой Фары ў горадзе Бары, што на поўдні Апенінаў.

Арцыбіскуп Франчэско Нэры ўдзяліў дыяканскае пасвячэнне шасці братам капуцынам, сярод якіх адзін паходзіць з нашай краіны.

Кляштар, прысвечаны святой Фары, з’яўляецца фармацыйным для братоў капуцынаў з поўдня Італіі і з Беларусі.

Святочная цэлебрацыя адбылася ў сардэчнай сямейнай атмасферы. На працягу трох гадоў фармацыі браты неслі служэнне не толькі пры парафіі, але таксама ў розных мясцовых супольнасцях і групах, таму апрача парафіянаў і сем’яў новапасвячаных дыяканаў на пасвячэнні прысутнічалі шматлікія браты і госці.

Цеплыні і душэўнасці дадаваў і той факт, што арцыбіскуп Нэры на працягу 35-і гадоў з’яўляецца меншым братам капуцынам. Слова, з якім ардынарый звярнуўся да новых дыяканаў, было напоўнена айцоўскай любоўю і пяшчотай.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу перадусім на вусны дыякана: вусны, якія павінны благаслаўляць, якія таксама з’яўляюцца прыладай, каб абвяшчаць Евангелле.

Заахвотай для усіх прысутных прагучала тое, каб благаслаўляць сваімі вуснамі людзей, а не казаць дрэнна (тут прапаведнік ужыў італьянскую гульню словаў bene-dire — казаць добра або благаслаўляць і male-dire — казаць дрэнна або праклінаць).

Італьянскі іерарх таксама параўнаў кожнага чалавека з базылікай, нагадаўшы, што ў Рыме ёсць чатыры вялікія базылікі: святога Яна на Латэране, святога Пятра ў Ватыкане, святога Паўла за мурамі і святой Марыі Вялікай. Усе іншыя базылікі, колькі іх ёсць у свеце, называюцца меншымі.

«Чалавек, які з’яўлецца вобразам Бога, заўсёды мае годнасць самай вялікай базылікі, бо ў ім прабывае Дух Святы», — сцвердзіў арцыбіскуп Нэры, заахвоціўшы новых дыяканаў да служэння ўсім людзям без выключэння, «бо кожны з нас — гэта святыня, ў якой прыбывае Дух Божы».

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася святочная вячэра ў садзе братоў капуцынаў.

Брат Павел шчыра дзякуе Богу за дар паклікання ў сваім жыцці, усім братам капуцынам на чале з кусташам братам Сяргеям Мацюшонкам OFMCap за магчымасць вучобы і тэалагічнай фармацыі ў Італіі, і таксама ўсім людзям, хто прычыніўся да арганізацыі ўрачыстасці.

Абноўлена 02.10.2023 20:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.