23 верасня ў санктуарыі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак Марыі Стэлы і яе адзінаццаці паплечніц, мучаніц Другой сусветнай вайны, у Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця дзвюх сясцёр з кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
«Як радасна бачыць столькі сясцёр назарэтанак разам з сястрой правінцыяльнай Філатэяй Ціхановіч, сабраных у Навагрудку, у санктуарыі сясцёр мучаніц, на Эухарыстыі з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця сястры Мірыям Пэцнік і сястры Агаты Смольскай», — сказаў на пачатку цэлебрацыі сталічны іерарх.
Урачыстасць юбілею манаскага жыцця дзвюх назарэтанак сабрала на супольную малітву падзякі сем’і сясцёр, сяброў і парафіянаў.
Прыбыў таксама першы пробашч сястры Мірыям біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у мінулым — шматгадовы навагрудскі душпастыр.
З вуснаў і сэрцаў сабраных узносілася падзяка Богу за дар паклікання сясцёр-юбілярак. Прысутныя выказалі сёстрам Мірыям і Агаце ўдзячнасць за іх руплівае служэнне і паабяцалі ім малітоўную падтрымку.
Пасля святой Імшы ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці скіраваліся ў гасцінны кляштар сясцёр назарэтанак на пачастунак.