У нядзелю 17 верасня ў будынку пабрыгіцкага кляштара ў Гродне распачалася перэгрынацыя абразоў благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудка.
Пасля святой Імшы, якая цэлебравалася ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, у канферэнц-зале даўняга кляштара сабраныя мелі магчымасць ушанаваць благаслаўлёных сясцёр мучаніц у іх абразах, а таксама больш даведацца пра іх гераічную ахвяру, складзеную дзеля выратавання іншых людзей падчас Другой сусветнай вайны.
Словы прывітання да прысутных скіраваў ксёндз канонік Антоній Грэмза, рэктар пабрыгіцкага касцёла. Святар узгадаў, што адзін з этапаў сваёй манаскай фармацыі назарэтанкі праходзілі ў Гродне, акурат у пабрыгіцкім кляштары, куды цяпер прыбылі іх абразы і выявы, якія прадстаўляюць звязаных з імі асоб і знаёмяць з абставінамі мучаніцтва. Пасля прысутных прывітаў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала з Навагрудка, які разам з навагрудскімі вернікамі прывёз абразы ў Гродна.
Сястра Кляра Волчак CSFN распавяла пра кожную з адзінаццаці благаслаўлёных мучаніц.
Перэгрынацыя абразоў благаслаўлёных мучаніц у пабрыгіцкім кляштары ў Гродне будзе працягвацца больш за месяц (вул. К. Маркса, 27, уваход з боку пошты).