Пошук


У нядзелю 10 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адбыўся фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай, цудадзейны абраз якой адным з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў каранаваны папскімі каронамі.

Непасрэдна перад урачыстасцю, з 8 па 10 верасня, ў бялыніцкай парафіі адбывалася Саракагадзіннае набажэнства, удзел у якім узялі як мясцовы вернікі, так і валанцёры з розных мясцін нашай краіны.

Саракагадзіннае набажэнства мае вялікае духоўнае значэнне і з’яўляецца сапраўдным малітоўным скарбам супольнасці Касцёла.

З даўніх часоў набажэнства было распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі і асабліва ў славутым санктуарыі Маці Божай у Бялынічах, дзе захоўвалася адна з самых шанаваных на нашых землях цудатворных ікон Найсвяцейшай Панны Марыі, каранаваная папскімі каронамі 20 верасня 1761 года.

Тэмай сёлетняга Саракагадзіннга набажэнства ў Бялынічах былі містычныя перажыванні Эўхарыстыі паводле Каталіны Рівас. Канферэнцыі праводзіў ксёндз Вадзім Сурвіла, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).

Завяршылася саракагадзіннае набажэнства ў нядзелю ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой у гадзіну Божай Міласэрнасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім маліліся адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і вернікі.

Многія з іх як пілігрымы прыбылі ў Бялынічы з розных мясцін, перадусім з Магілёва, адкуль на фэст прыйшла пешая пілігрымка разам з біскупам Яшэўскім.

Пілігрымаў пры капліцы Маці Божай Бялыніцкай сустракаў пробашч парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка. Усе сабраныя разам прывіталі арцыбіскупа Станеўскага, які па дарозе ў Бялынічы наведаў з пастырскім візітам парафію ў Чэрвені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат).

Прамоўленую падчас святой Імшы гамілію арцыбіскуп Станеўскі распачаў словамі беларускай польскамоўнай паэткі Габрыэлі Пузыні, якая адзін са сваіх твораў прысвяціла славутаму ў даўнія часы Марыйнаму санктуарыю нашай зямлі. Іерарх падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна Марыя прыбыла да нашых продкаў у сваім цудадзейным Бялыніцкім абразе, каб падтрымаць іх на шляху веры і дапамагчы захаваць вернасць Хрысту сярод шматлікіх выпрабаванняў.

«Ні пандэмія каранавірусу, ані адсутнасць святыні ў яе былой велічы не зменшылі Яе культу. Наадварот, у апошні час мы з’яўляемся сведкамі пілігрымкі, малітвы і іншых пастырскіх ініцыятываў, якія рэалізуюцца ў Бялынічах», — адзначыў арцыпастыр.

«На працягу стагоддзяў нашыя продкі ў пілігрымцы веры прыходзілі сюды, каб атрымаць суцяшэнне ў жыццёвых нягодах, адвагу для веры ў будучыню, моц для таго, каб заўсёды быць сапраўднымі хрысціянамі: у любых абставінах, нягледзячы на пакутлівыя складанасці гістарычнага шляху нашага народа», — дадаў іерарх.

Звяртаючыся асобна да пілігрымаў, арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што «здзейсніць пілігрымку — гэта значыць выйсці са свайго дома, каб разам адчуць Божую прысутнасць, атрымаць досвед жыцця ў Касцёле, які з’яўляецца сям’ёю. Бо, як кажуць, шчасце само не прыходзіць, яму трэба выйсці насустрач. І вы выйшлі з вялікіх і малых мясцін Магілёўскага краю.

Прабываючы разам на малітве, мы дзякуем Пану Богу праз Марыю за гэты час радасці і братэрства! Адначасова просім Марыю, каб сваім прыкладам Яна дапамагала нам любіць Бога больш за ўсё, а таксама служыць нашым бліжнім», — сказаў арцыпастыр.

Ён заахвоціў сабраных на ўрачыстасці вучыцца маліцца, як Марыя; любіць праўду і сціпласць, як Яна, а таксама ўсвядоміць, што «наша пілігрымка ніколі не заканчваецца: яна шукае новых шляхоў, натхняе на новыя добрыя справы». Іерарх заклікаў вернікаў удасканальвацца ў хрысціянскім жыцці і дзяліцца сваёю вераю з іншымі.

«Касцёл на нашай зямлі вытрываў шматгадовы пераслед коштам вялізных пакутаў і незлічоных ахвяраў. Дзякуючы тым людзям, якія сталі сапраўднымі сведкамі і мучанікамі веры, сёння мы збіраем плён гэтага скарбу святасці і вытрымкі ў веры.

Сёння настаў час нашага сведчання. Больш чым калі-небудзь Касцёл павінен быць жывым, дынамічным, а значыць сінадальным.

Заставацца на месцы азначае быць абыякавымі. Быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, пастаянна яе паглыбляць, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля», — зазначыў арцыбіскуп. Ён падбадзёрыў вернікаў, каб няўдачы на шляху іх не расчароўвалі і не знеахвочвалі працягваць ісці за Езусам, пераадольваючы складанасці і спакусы.

«Будзем жа дзейснымі і актыўнымі асобамі, а не абыякавымі спажывальнікамі. Касцёл — гэта не „крама“; Касцёл — гэта наш дом, а гэта значыць, што мы — сям’я. <…>

Толькі разам, сумесна адбудуем нашу Бялыніцкую святыню, дом нашай Матулі і наш дом. Ці ж не праўда?.. Пабудуем, адбудуем, адновім, захаваем і зберажом Божы і бацькоўскі дом для нашых нашчадкаў», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

       
Абноўлена 13.09.2023 09:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця