Пошук

11.09.2023 10:32   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з асабістага архіву арцыбіскупа Юзафа Станесўкага

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой маліўся з падзякай Богу і бацькам за жыццё, а таксама аб ласцы маяцярынства.

Арцыпастыр цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі маці, якія чакаюць нараджэння дзіцяці, а таксама за тых, хто з розных прычын не можа зачаць, аб дары новага жыцця для іх.

У дзень, калі Каталіцкі Касцёл святкаваў Нараджэнне Маці Божай, арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тое, што дзень нараджэння — гэта «нагода ўспомніць сям’ю, паходжанне, сваякоў і продкаў; гэта нагода падзякаваць Богу і бацькам за дар жыцця і не чакаць ад іх падарункаў, а першымі наведаць іх з падарункам. А калі іх ужо няма з намі, то памаліцца за іх», — адзначыў іерарх.

Растлумачыўшы значэнне літургічнага свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якая стала «найпрыгажэйшай кветкай чалавечай прыроды», «шэдэўрам дабра і прыгажосці, вяршыняю ўсяго стварэння», а таксама «Маці ўсіх вернікаў», арцыбіскуп прапанаваў вернікам падумаць пра тое, «што мы Ёй прынясем у падарунак на дзень нараджэння».

Паводле іерарха, першым такім падарункам можа стаць «удзячнае чыстае сэрца», а наступнымі — «трыванне пры Ёй, як дзеці пры сваёй матулі; наследаванне Яе ў штодзённым жыцці; знаёмства з рэлігійнай літаратурай, якая апавядае пра Маці Божую; малітва на Ружанцы» і, нарэшце, абавязацельства выконваць па Яе прыкладу чацвёртую Божую запаведзь: «Шануй бацьку свайго і маці сваю».

«Марыя звяртаецца сёння да нас: „Стварыце супакой у сабе і ў сваім асяроддзі!“ Таму няхай Яе тытул Каралевы супакою ў дзень Яе нараджэння будзе для нас указальнікам і правадніком у сённяшнім свеце, які падзелены, але які павінен імкнуцца да згоды і прабачэння», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 11.09.2023 10:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа