15 жніўня ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
Па запрашэнні адказнага за Магілёўскі рэгіён Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB святочную Імшу ў старадаўняй катэдры горада на Дняпры цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ва ўрачыстай цэлебрацыі, якая сабрала ў галоўнай святыні абласнога цэнтра шматлікіх вернікаў, прынялі ўдзел святары з розных куткоў Магілёўшчыны.
«Сённяшні дзень — дзень асаблівы, бо сёння ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. І сёння мы тут, каб разам дзякаваць Богу за тое, што мы людзі веры», — такімі словамі распачаў гамілію арцыбіскуп Станеўскі.
Іерарх нагадаў прысутным гісторыю ўрачыстасці Унебаўзяцця, адзначыўшы, што яе ўстанаўленне ў 1950 годзе Папам Піем XII стала замацаваннем веры Касцёла з апостальскіх часоў.
«Пій XII лічыў, што распаўсюджванне культу Марыі з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце, што гэта скіруе свет на добры шлях», — зазначыў арцыпастыр.
Іерарх таксама разважаў аб таямніцы Унебаўзяцця Марыі, аб біблейскіх доказах цялеснага і духоўнага ўзнясення. Пры гэтым ён заўважыў, што «Марыя, хоць і была ўзятая на неба, і сёння знаходзіцца побач з намі».
У гэты дзень паводле касцёльнай традыцыі адбываецца благаслаўленне зёлак, кветак і збожжа, садавіны і гародніны як падзяка Богу за новы ўраджай.
Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў плады зямлі і працы чалавечых рук.
Пасля Эўхарыстыі ва ўнутраным дворыку касцёла з нагоды свята адбылося мерапрыемства, на якім парафіяне танчылі народныя танцы, спявалі песні, частаваліся смачнымі стравамі і проста размаўлялі, што дапамагло ім адчуць сябе адной вялікай сям’ёй братоў і сясцёр.