Пошук

07.06.2023 14:37   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

3 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) адбылося свята для дзяцей, якія сёлета ўпершыню прыступілі да святой Камуніі.

Як адзначыла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у мясцовым Ккасцёле такая сустрэча прайшла ў другі раз.

На свяце сабраліся паўтысячы дзяцей з розных дэканатаў дыяцэзіі.

Сустрэча стала для маленькіх вернікаў магчымасцю падзякаваць Богу і Маці Божай за прынятыя ўпершыню сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі, глыбей усвядоміць веліч таго дару, які яны атрымалі ў святой Камуніі.

Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца. Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі іерарх у форме дыялогу з дзецьмі разважаў аб таямніцы Эўхарыстыі, аб веры і аб падрыхтоўцы да свята Першай Камуніі.

Дзеці з розных парафій актыўна ўдзельнічалі ў Імшы: чыталі Божае слова, спявалі псальм, неслі ахвяраванні да алтара.

Прыгажосць літургіі надаў спеў хору парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка).

Пасля Імшы артысты з лідскай парафіі Святой Сям’і паказалі дзецям і і іх бацькам тэатралізаваную пастаноўку, прысвечаную аб’яўленням Маці Божай у Люрдзе 14-гадовай дзяўчынцы Бэрнадэце Субіру.

Пасля сцэнкі кусташ санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі запрасіў усіх прысутных на пачастунак, які стаў радасным працягам свята. Для дзяцей таксама была падрыхтавана забаўляльная праграма, якую правялі аніматары з Гродна, Ліды і Воранава.

 

Абноўлена 07.06.2023 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.