У чацвер 1 чэрвеня, калі ў паўсюдным Касцёле адзначаецца свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, святары і кансэкраваныя асобы Мінска-Магілёўскай архідяцэзіі сабраліся ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.
У пастырскай сустрэчы ў Будславе ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і больш за сотню святароў і сясцёр законных, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай вобласцяў.
Сустрэча духавенства ў базыліцы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай распачалася з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго сабраныя выслухалі аскетычную канферэнцыю. У ёй духоўны айцец святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла засяродзіўся на тоеснасці святара, цэласнасці яго асобы і аўтэнтычнасці святарскага жыцця.
Духоўны айцец перадусім перасцярог сваіх сабратоў ад спакусы ўдавання, ад фарысейскай крывадушнасці, заклікаўшы не быць «артыстамі ў сутанах ці габітах», але быць сапраўднымі святарамі на ўзор Найвышэйшага і Вечнага Святара Езуса Хрыста.
Глыбей прасянуцца разважаннямі ксяндза Аляксандра ўдзельнікі сустрэчы маглі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая адбывалася ў цішыні, а тым часам усе, хто меў патрэбу, мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
Апоўдні ў санктуарыі распачалася цэлебрацыя Эўхарыстыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Разам з ім пры алтары маліліся святары, якія сёлета адзначаюць круглыя гадавіны святарства, сярод якіх — адзін з найстарэйшых у архідыяцэзіі духоўных: ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, грэміяльны канонік, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне і дэкан Маладзечанскі, які нядаўна адзначыў 45-ю гадавіну з дня прэзбітэрскага пасвячэння.
Перад тым, як распачаць Імшу, арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што 1 чэрвеня таксама адзначаецца Дзень абароны дзяцей, і заахвоціў атуліць малітвамі ўсіх дзетак, асабліва тых, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію і ў бліжэйшую суботу — першую суботу чэрвеня — збяруцца на сустрэчу ў Нацыянальным санктуарыі з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Гамілію на святой Імшы прамовіў біскуп Касабуцкі. Ён перадусім звярнуў увагу на вымярэнне ахвяры ў жыцці святара, які з’яўляецца alter Chrustus — «другім Хрыстом». Знаходзячыся ў Будслаўскім санктуарыі — доме Марыі, іерарх параўнаў Касцёл з домам Святой Сям’і ў Назарэце і прапанаваў кожнаму ўдзельніку сустрэчы даць адказ на пытанне, якое яго месца ў гэтым «назарэцкім доме».
«Там, дзе пастыр знаходзіцца са сваім народам, заўсёды адчуваецца сямейная атмасфера, ствараецца супольнасць. У такой парафіі бруіць рэлігійнае жыццё», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі, дадаўшы, што ў Касцёле кожны вернік павінен адчуваць сябе дома, як кажа Папа Францішак і што часта нагадвае таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля святой Імшы ў касцёле адбылася арганізацыйная частка пастырскай сустрэчы.
На ёй арцыбіскуп Станеўскі пазнаёміў сабраных з душпастырскімі планамі на бліжэйшую будучыню. Акрамя таго, былі абмеркаваны некаторыя бягучыя справы агульнадыяцэзіяльнай важнасці.