Пошук

12.04.2023 10:10   Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

Велікоднай раніцай 9 красавіка ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адбылася ўрачыстая Рэзурэкцыйная цэлебрацыя з удзелам біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага.

На світанні вернікі на чале з іерархамі прайшлі ва ўрачыстай працэсіі вакол касцёла. Падчас святочнага шэсця з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і фігурай Уваскрослага гучна білі званы і гучалі традыцыйныя велікодныя спевы, якія абвяшчалі ўваскрасенне Хрыста.

Пасля Рэзурэкцыйнай працэсіі адбылася святая Імша, на пачатку якой усіх сабраных у святыні прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які па запрашэнні адказнага за Магілёўскі рэгіён Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB маліўся разам з вернікамі Магілёва на працягу ўсяго святога Пасхальнага трыдуума.

«Падчас Імшы Уваскрасення Пана мы дзякуем Богу за новае жыццё, крыніцай якога было ўваскрасенне Хрыста», — сказаў на пачатку ранішняй велікоднай Эўхарыстыі іерарх.

У прамоўленай гаміліі ён падкрэсліў, што першыя словы Езуса, якія пасля ўваскрасення ён скіраваў напалоханым і збянтэжаным апосталам, былі «Супакой вам».

«Мы жывем у XXI стагоддзі, і стыль жыцця цяпер вельмі хуткі. Мы не паспяваем за падзеямі, жыццё напоўнена гаджэтамі, чалавек заўсёды знаходзіцца на сувязі. І ў гэтай віхуры Езус дае нам супакой», — адзначыў біскуп Касабуцкі.

Пастыр звярнуў увагу на тое, як важна ў віры сучаснага свету выконваць Божыя запаведзі і захаваць традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, бо толькі ў іх святле можна правільна разумець такія паняцці, як жыццё і смерць, каханне, сям’я, добразычлівасць.

Іерарх таксама падрэсліў важнасць малітвы.

«У Езусе мы знаходзім суцяшэнне, супакой, мудрасць. Звяртаючыся да Езуса ў малітве, мы знаходзім спажытак для нашай душы. Малітва — гэта лек ад перажыванняў», — заўважыў біскуп.

На прыкладзе гісторыі першых хрысціянаў ён растлумачыў, што дапамагала вучням Хрыста ў абвяшчэнні Евангелля і пашырэнні веры ў Змёртвыхпаўстанне. Паводле іерарха, Касцёл першых стагоддзяў так хутка разрастаўся, таму што вернікі сапраўды імкнуліся наследаваць Хрыста і жыць згодна з Яго непрамінальным вучэннем.

«Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас да сведчання веры словам, нашым жыццём і ўчынкамі. Калі нам цяжка, сумна, балюча, мы можам звярнуцца ў малітве да ўваскрослага Езуса», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

На завяршэнне Рэзурэкцыйнай святой Імшы да вернікаў звярнуўся таксама біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерарх павіншаваў усіх са святам і заклікаў да абвяшчэння радаснай навіны аб уваскрасенні Хрыста ў сем’ях і сярод знаёмых.

Абноўлена 12.04.2023 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.