Пошук

15.03.2023 11:11   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксей Ціхан / Grodnensis.by

12 сакавіка, у Трэцюю нядзелю Вялікага посту, шэрагу студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзеяліў паслугі лектарату і акалітату, а таксама благаславіў духоўнае адзенне — сутаны.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, паслугу лектарату з рук іерарха і Вялікага канцлера Міждыяцэзіяльнай семінарыі атрымалі студэнты трэцяга курса, a студэнты чацвёртага курса прынялі паслугу акалітату. Таксама ў гэты дзень двое семінарыстаў упершыню апранулі духоўнае адзенне, сутаны, якія благаславіў біскуп Кашкевіч.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі з гэтай нагоды, якая адбывалася ў капліцы семінарыі, ўзялі ўдзел мадэратары навучальнай установы на чале з яе рэктарам ксяндзом канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, семінарысты і іх блізкія.

Узначаліў цэлебрацыю біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўстанавіў на ёй новых лектараў і акалітаў і благаславіў сутаны.

Вялікі канцлер Міждыяцэзіяльнай семінарыі заахвоціў семінарыстаў працягваць узрастаць у пакліканні, умацоўваючы сваю веру і яшчэ больш набліжаючыся да Хрыста.

Гамілію прамовіў духоўны айцец семінарыі ксёндз Ян Сарэла.

Семінарысты, якія прынялі паслугі лектарату і акалітату, зрабілі такім чынам яшчэ адзін крок на шляху падрыхтоўкі да святарскага служэння.

Лектары абвяшчаюць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, а таксама, чэрпаючы з Божага слова веру і адвагу, увасабляюць яго ў жыццё ў выкананні штодзённых абавязкаў. Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да найбольшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яны маглі яшчэ больш прыпадобніцца да свайго Настаўніка Езуса Хрыста.

 

Абноўлена 15.03.2023 11:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа