Вясной 2015 года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.
Малітва працягваецца ўжо больш за год, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца пра гэты час, ці няма знешніх або ўнутраных перашкод?
Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, і на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі.
У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай ініцыятывы прапануем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку. Наступная асоба — грэка-каталіцкі святар а. Аляксандр Шыбека.
— Раскажыце крыху пра сябе. Чым займаецеся? Чым цікавіцеся?
— Я служу пры грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску. Займаюся парафіяй, справамі Хрысціянскага валанцёрскага руху святога Мікалая. Для мяне, акрамя святарства, важна таксама несці дапамогу іншым: падтрымку дзецям, якія пазбаўлены бацькоўскай апекі, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, патрабуючым, бяздомным. Гэтая справа ўзбагачае і паглыбляе маё святарскае служэнне. Гэта заданне кожнага хрысціяніна, а не толькі святара. У мяне сям’я, двое дзяцей.
— Які рытм Вашага жыцця?
— Думаю, такі ж, як у кожнага маладога чалавека — хуткі, хоць я не лічу гэта зусім правільным. Усё, што мы робім, трэба рабіць з любоўю і ўсведамленнем прысутнасці Божай. Але часта, на жаль, рытм настолькі хуткі, што прыходзіцца рабіць справу аўтаматычна, не ўсведамляючы ўсёй глыбіні таго, што раблю, не маючы ў гэты момант сувязі з Богам. Гэта, канешне, не зусім добра.
— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Пана?
— Усё залежыць ад чалавека. Атрымліваецца, я сказаў бы. Я ўсё больш разумею, што на каштоўныя, важныя рэчы мы павінны знайсці час заўсёды. Тым больш, гэты час у нас ёсць. Суткі складаюцца з 24 гадзін, і мы маем уладу над гэтымі гадзінамі. Пытанне ў прыярытэтах — што для мяне больш важнае. Я стараюся знаходзіць час для Бога нават сярод штодзённых клопатаў. Каб засяродзіцца на малітве, мне патрэбна проста зачыніцца дзесьці, у нейкім пакоі, дзе няма нікога, і пабыць сам-насам з Богам. І гэты нават кароткі час, калі яго перажыць глыбока, усяго сябе аддаўшы Богу, можа быць сур’ёзнай падтрымкай духоўнага жыцця.
— Чаму Вы прынялі рашэнне маліцца за Беларусь?
— Беларусь — гэта людзі, якія вакол мяне. Я не выбіраў, дзе мне нарадзіцца, у якой краіне, у якім месцы. Бог благаславіў быць тут. Значыць, з волі Божай я нясу адказнасць за тых людзей, якія вакол мяне, найперш, канешне, за сваіх блізкіх, але таксама за ўсіх, хто вакол мяне. Гэта нават не рашэнне, а разуменне свайго задання, паклікання.
Я малюся, каб людзі былі з Богам. Калі так будзе, тады і Беларусь будзе шчаслівай.
— Што для Вас Беларусь?
— Гэта тая зямля, куды паставіў мяне Бог. Гэта маё заданне, мая адказнасць, маё служэнне. Раз я тут, значыць гэта маё. І яно для мяне лепшае, бо Бог дае лепшае для канкрэтнага чалавека. Значыць, менавіта тут я магу развіць паўнату майго паклікання.
— Чаму трэба маліцца за Беларусь?
— Таму што кожны канкрэтны чалавек нашай краіны мае патрэбу ў малітве. Кожны з нас вядзе духоўную барацьбу з сіламі зла, з д’яблам за сваё збаўленне, за збаўленне іншых людзей. І тут нам патрэбна малітва – братэрская малітва адзін за аднаго. Гэта пабуджае мяне маліцца за сваіх братоў і сясцёр, прасіць маліцца за сябе. Без малітвы чалавек можа зрабіць шмат памылак, пашкодзіць сабе, іншым людзям, таму трэба маліцца адзін за аднаго.
— Гадзіна ў малітве — гэта шмат?
— Тэрміны малітвы — гэта справа суб’ектыўная: для кагосьці гэта можа быць шмат, для кагосьці мала. Я асабіста ведаю людзей, якія моляцца гадзін 10-15 у суткі, таму для такога чалавека гадзіна, напэўна, вельмі мала. Я лічу, што гадзіна малітвы ў тыдзень — гэта няшмат, асабліва калі параўнаем з часам, які мы аддаём на іншыя справы. Асабіста я маю таксама іншыя малітоўныя абавязкі, не толькі малітву за Беларусь. Але гэтую гадзіну я з радасцю ахвярую за ўсіх людзей, за наш народ, за тое, каб Божая ласка, Божая прысутнасць была ў нашай краіне.
— Наколькі, як Вы думаеце, Вас хопіць?
— Мне здаецца, што я магу маліцца столькі, колькі будзе патрэбна. Хоць, разумею, што патрэбна будзе заўсёды. Ніколі на зямлі, да другога прыйсця Хрыста, не будзе такога часу, што ні за каго не трэба будзе маліцца. Таму трэба маліцца за Беларусь увесь час, як і за ўвесь свет.
Айцец Аляксандр разам з сям'ёй
— Якая малітоўная патрэба зараз, на Ваш погляд, самая важная для нашай краіны?
— Лічу, што самая актуальная патрэба для кожнага чалавека — гэта пакаянне і лучнасць з Богам. Першыя запаведзі з'яўляюцца самымі важнымі. Гэта запаведзі, якія рэгулююць адносіны чалавека з Богам. Калі яны выконваюцца, будуць выконвацца і ўсе іншыя, калі не — то і з іншымі будзе праблема. Вельмі важнай з'яўляецца духоўная лучнасць з Богам. Калі чалавек жыве згодна з Божымі запаведзямі, згодна з Божай воляй, тады і іншыя праблемы паступова будуць знікаць. Я думаю, гэта найбольшая патрэба, бо ўсе праблемы з гэтага пачынаюцца. Таму я малюся за духоўнае навяртанне беларусаў, за лучнасць з Богам, за Божую волю ў жыцці кожнага канкрэтнага чалавека.
— Пару словаў натхнення для тых, хто моліцца ці яшчэ толькі збіраецца далучыцца да «Няспыннай малітвы за Беларусь».
— Жыццё кароткае — трэба спяшацца. Мы не ведаем, калі станем перад Богам, перад Суддзёй. Калі станем перад Ім, будзе сорамна, што шмат часу прысвяцілі самому сабе або асалодам для сябе, сваім амбіцыям, і так мала часу прысвяцілі Ягоным справам.
Таму заахвочваю: спяшайцеся, браты і сёстры, спяшайцеся рабіць дабро, пакуль Бог дае магчымасць. За што-што, а за гэтую гадзіну, якую мы ахвяроўваем для Бога, мы не будзем саромецца.
Гадзіны, якія ўжо занятыя і яшчэ вольныя, можна паглядзець тут»»
Матэрыялы на гэтую тэму:
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Вернікі з Жодзіна
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Яўген Балагураў
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Тамара Мінютка
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Арцём Сітнікаў
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікам ініцыятывы. Уладзімір Шыпіла
Гутарыла Вольга Севярынец, ініцыятар праекта «Няспынная малітва за Беларусь»