15 студзеня, у другую звычайную нядзелю, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Хрыста Збаўцы і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, што дзейнічае ў мікрараёне Шабаны ў Мінску.
У гэтым мікрарёне сталіцы, размешчанага ў межах буйной прамзоны на выездзе ў бок Магілёва, жыве нямала католікаў, якія пакуль не маюць сваёй святыні, і таму збіраюцца на супольную малітву ў Грэка-каталіцкім цэнтры святога Язэпа, што па вуліцы Арджанікідзэ.
Па запрашэнні пробашча парафіі ў Шабанах ксяндза доктара Аляксандра Уласа, дырэктара парталу Catholic.by, арцыпастыр узначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы для вернікаў гэтай супольнасці.
На падставе літургічных чытанняў Другой нядзелі Звычайнага перыяду, арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што Бог кліча кожнага чалавека да спецыяльнай місіі. Разважаючы над Божым Словам, заслужаны іерарх зрабіў шэраг высноваў.
«Найперш неабходна памятаць, што праз сакрамэнт хросту мы пакліканы быць „святлом для народаў“, якое нясе ім Хрыста і Яго Евангелле. Акрамя таго, мы павінны не толькі дэклараваць нашую веру, але выконваць Божую волю і імкнуцца да святасці. Мы таксама павінны быць сведкамі Езуса. Гэта азначае быць актыўнымі, а не пасіўнымі вернікамі.
Нельга быць вучнем Езуса на адлегласці: сапраўдная любоў патрабуе блізкасці асобаў. Падобна і з любоўю Хрыста. Любіць Яго азначае быць блізкім да Яго, ведаць Яго, пазнаваць праз Біблію, малітву і сакрамэнты, а таксама натхняць на гэта іншых», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Ён прапанаваў удзельнікам Эўхарыстыі паразважаць над наступным пытаннем: калі мы дзелімся з іншымі інфармацыяй пра якасныя тавары, добрыя крамы, цікавыя мерапрыемствы, «дык чаму ж з такім жа запалам не запрашаем і не заахвочваем людзей прыходзіць і ўдзельнічаць у жыцці Касцёла? Часта мы саромеемся рабіць гэта з-за памылковага меркавання, што размовы пра рэлігію з’яўляюцца табу ў нашай культуры, што рэлігія — гэта прыватная справа і не варта дзяліцца ёю з іншымі, або што нашыя набажэнствы не з’яўляюцца прывабнымі для іншых.
Вера павінна ўнесці ў наша жыццё жаданне, каб іншыя — асабліва тыя, хто яшчэ не верыць, — таксама маглі знайсці яе, бо яна патрэбная для збаўлення», — сцвердзіў іерарх.
На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных «быць сапраўды веруючымі і сведкамі, бо толькі тады праз нас будзе прамаўляць Езус».