2 студзеня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне святары з супольнасці салезіянаў святога Дона Боско, адбылася аплаткавая сустрэча для дзяцей Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Распачалася праграма са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Падчас казання біскуп разам з дзецьмі паразважаў над тым, як трэба рыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Іерарх звярнуў увагу малых на тое, што, рыхтуючыся знешне, прыбіраючы і ўпрыгожваючы кватэру, набываючы падарункі, варта памятаць, што самае галоўнае — падрыхтаваць сваю душу, прыступіўшы да сакрамэнту споведзі.
«Каб мы заўважылі Езуса, абавязкова неабходна духоўная падрыхтоўка, малітва. Малітва — гэта нашая размова з Богам, і гэта галоўная частка Божага Нараджэння», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.
Пасля святой Імшы ўсе сабраныя дзеці скіраваліся ў араторый імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі. Там дзяцей чакала цікавая праграма і аплаткавая сустрэча. Дзяцей сустрэлі Тры Каралі, якія шукалі Бэтлеем, дзе нарадзіўся Збаўца свету. Пры дапамозе дзетак, праз розныя прыгоды яны змаглі дайсці на мэты.
Пасля біскуп Юрый Касабуцкі паблагаславіў аплаткі і кожны меў магчымасць падзяліцца імі з біскупам, святарамі і паміж сабой, выказваючы найлепшыя зычэнні. Напрыканцы сустрэчы кожны атрымаў сімвалічны падарунак.