3 студзеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў свой 77-ы дзень нараджэння.
З гэтай нагоды ўвечары заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Памаліцца разам з арцыпастырам у галоўнай святыні сталіцы сабраліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, духавенства і вернікі.
Звяртаючыся да сабраных, арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што 3 студзеня Касцёл асаблівым чынам успамінае Найсвяцейшае Імя Езуса. Іерарх адзначыў, што ў Новым Запавеце імя Езус паўтараецца амаль тысячу разоў, першы раз — падчас сцэны Звеставання.
«Імя Езус у перакладзе з габрэйскай мовы азначае „Бог збаўляе“, бо народжанае ў бэтлемскіх яслях дзіця з’яўляецца Збаўцам — Уцелаўлёным Богам, які прыйшоў у гэты свет, каб выратаваць яго з палону граху», — растлумачыў арцыбіскуп. Ён нагадаў, што другая з дзесяці Божых запаведзяў наказвае людзям шанаваць імя Бога. «Паколькі імя Езус паходзіць ад Уцелаўлёнага Бога, мы таксама павінны яго шанаваць», — дадаў іерарх, зазначыўшы, што першыя хрысціяне вельмі часта звярталіся да імені Езуса. У сувязі з гэтым арцыпастыр працытаваў славутыя словы апостала Паўла з Паслання да філіпянаў, што «Бог <…> даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца».
«У Касцёле таксама існуе практыка, калі падчас малітвы на імя Езус мы схіляем свае галовы ў знак пашаны», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Звярнуўшыся да гісторыі, ён нагадаў, што набажэнства да Імя Езуса пачало асабліва распаўсюджвацца ў XV стагоддзі святым Бэрнардам.
«Тады, у часы безвер’я, ён заахвочваў людзей на касцёлах, дамах і грамадскіх будынках размяшчаць манаграму імені Езуса: IНS. Мы бачым гэтую манаграму і ў галоўным алтары нашай катэдры. Яна мае прыгожую інтэрпрэтацыю на лацінскай мове: Iesus Hominis Salvator — „Езус Збаўца чалавека“», — заўважыў іерарх. Пры гэтым ён дадаў, што сёння, у час адыходу ад веры, імя Езуса нярэдка выкарыстоўваецца надарэмна і высмейваецца.
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў вернікаў заўсёды прамаўляць святое імя Езуса з пашанай і любоўю, «бо яно прыносіць суцяшэнне, сілу і супакой».