27 сежня ўрачыстасць вечных манаскіх абяцанняў адбылася ў супольнасці святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Гродне.
Гродзенская парафія Божай Міласэрнасці, дзе нясуць служэнне святары з гэтай кангрэгацыі, святкавала ўрачысты момант: Аляксандр Пятліцкі SCI даў вечныя манаскія абяцанні паслухмянасці, убоства і чыстасці.
У гісторыі беларускага дыстрыкту (тэрытарыяльнай адзінкі кангрэгацыі — рэд.) ксяндзоў сэрцанаў такая ўрачыстасць вечнага прысвячэння служэнню Богу ў гэтай законніцкай супольнасці ўпершыню адбылася на роднай зямлі.
Аляксандр Пятліцкі нарадзіўся ў 1991 годзе ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Жыццё, прысвечанае службе Богу, ён распачаў першымі манаскімі абяцаннямі ў 2018 годзе у Стапніцы (Польша), дзе знаходзіцца навіцыят польскай Правінцыі супольнасці сэрцанаў. Там жа ксёндз Станіслаў Груца SCI з 30 лістапада па 7 снежня правёў рэкалекцыі па тэматыцы Божай любові да чалавека, падрыхтаваўшы кандыдатаў, у тым ліку і Аляксандра, да вечнай кансэкрацыі.
Галоўнай думкай духоўных практыкаванняў сталі словы з Евангелля паводле святога Яна: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16), якія яскрава адлюстроўваюць сэнс духоўнай харызмы сэрцанскай супольнасці.
Працяг пачатковай фармацыі Аляксандра Пятліцкага будзе адбывацца ў Вышэйшай Місійнай Семінарыі ў Стадніках (Польша), дзе, паглыбляючы тэалагічныя веды, ён будзе рыхтавацца да наступнага кроку на шляху да святарства — сакрамэнту пасвячання ў ступені дыяканату.
Свае вечныя манаскія абяцанні Аляксандр Пятліцкі даў перад ксяндзом Янам Этэлем SCI, які на гэты час быў прадстаўніком ксяндза Славаміра Кнопіка SCI, настаяцеля польскай Правінцыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Каб падтрымаць духоўна і раздзяліць з Аляксандрам ягоную радасць, у Гродне на ўрачыстасці сабраліся яго родныя, а таксама браты з сям’і сэрцанаў.