Пошук

24.11.2022 20:47   Тэкст і фота: кс. Павел Адамовiч / Catholic.by

У сераду 23 лістапада ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адбылася чарговая сустрэча духавенства Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў.

На сустрэчы прысутнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, святары, а таксама законнікі і законніцы, якія служаць на тэрыторыі дэканатаў Магілёўскага рэгіёна.

Сустрэча распачалася малітвай Літургіі Гадзінаў, пасля чаго ў межах пастаяннай фармацыі духавенства ксёндз канонік Андрэй Далянскі прамовіў духоўна-аскетычную канферэнцыю.

У ёй духоўны айцец адзначыў, што месяц лістапад, які традыцыйна з’яўляецца часам асаблівай малітвы за памерлых і наведвання могілак, схіляе засяродзіць увагу таксама на ўласнай душы, глыбей задумацца на жыццём, яго сэнсам і над смерцю.

Акрамя таго, ксёндз Андрэй Далянскі звярнуў увагу на захаванне цішыні (маўчання) як элемент падрыхтоўкі да святой Імшы, што неабходна для належнага засяроджання, і на момант падзякі пасля Эўхарыстыі — асабістую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Пасля канферэнцыі адбылося выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой ахвотныя маглі скарыстацца з сакрамэнту пакаяння.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую канцэлебравалі ўсе прысутныя святары. Узначаліў цэлебрацыю арцыбіскуп Станеўскі, які маліўся ў інтэнцыі спачылага духавенства Магілёўшчыны. У прамоўленай гаміліі іерарх зазначыў, што ў цяперашні час адбываецца змена эпох, таму неабходна ўмець бачыць перспектыву, да якой трэба імкнуцца. Арцыпастыр падкрэсліў нязменную важнасць малітвы, асабліва ў час, які цяпер даводзіцца перажываць.

«Праз малітву мы становімся бліжэй да Езуса Укрыжаванага, што дае нам сілу не баяцца, чаго ад нас патрабуюць таксама дадзеныя ў свой час святарскія абяцанні і манаскія шлюбы», — падкрэсліў іерарх.

Заключным пунктам сустрэчы духавенства і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны была арганізацыйная частка, падчас якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі напачатку падзякаваў усім за службу і малітву, пасля чаго звярнуўся з просьбай нанава ажывіць у сабе дух паклікання, «каб разумець, што святарства мы прынялі не толькі для сябе, але і для тых, сярод каго служым», і нагадаў аб пастырскім падыходзе да людзей, а таксама пра адказнасць за словы, якія прамаўляюцца падчас казанняў.

Пасля арцыбіскупа прамовіў біскуп Яшэўскі. Генеральны вікарый архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, між іншым, паінфармаваў духавенства і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны пра тое, што падрыхтаваны пераклад на беларускую мову Кодэкса кананічнага права, паводле якога больш не ўжываецца ранейшы тэрмін «распарадчык сакрамэнтаў», а «служыцель сакрамэнтаў».

Абноўлена 24.11.2022 20:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.