У нядзелю 19 лістапада ў межах 37-а Сусветнага дня моладзі пры парафіі святога Андрэя Баболі ў Полацку (Віцебская дыяцэзія) прайшоў Дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, які па рашэнні Папы Францішка з мінулага года адбываецца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, на сустрэчу, у якой узяў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, сабраліся юнакі і дзяўчаты з розных мясцін дыяцэзіі: з Варапаева, Віцебска, Глыбокага, Дзеркаўшчыны, Докшыцаў, Дунілавічаў, Лучая, Лынтупаў, Оршы, Паставаў.
Сустрэча распачалася Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пасля супольнай малітвы адбылася канферэнцыя, падчас якой ксёндз Яўген Шымановіч асаблівым чынам разважаў над словамі: «Марыя ўстала і пайшла паспешна» (пар. Лк 1, 39), якія сталі дэвізам Сусветных дзён моладзі, што пройдуць у 2023 годзе ў Лісабоне.
Потым ўдзельнікі ў групах пад кіраўніцтвам аніматараў падзяліліся ўражаннямі і ўласнымі думкамі.
На моладзевай сустрэчы прыгадалі і пра тое, што ў 2030 годзе будзе адзначацца 200-годдзе з часу аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ. У межах падрыхтоўкі да гэтага юбілею сястра Ірына Грыгаровіч Fdlc з Шуміліна расказала моладзі пра Цудоўны медалік. Пасля гэтага біскуп Буткевіч благаславіў медалікі, і ўсе прысутныя мелі магчымасць узяць яго не толькі для сябе, але таксама для сваіх сяброў.
Кульмінацыяй Дня моладзі стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі.
Пасля Эўхарыстыі адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва праслаўлення. Удзельнікі маглі скарыстацца магчымасцю малітвы ва ўласнай інтэнцыі і атрымаць індывідуальнае благаслаўленне.
На заканчэнне дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі біскуп Алег Буткевіч падзякаваў юнакам і дзяўчатам за прысутнасць і супольную малітву, а таксама благаславіў на добрую дарогу дадому.
Завяршыўся Дзень моладзі ў Полацку дыскатэкай.