29 кастрычніка ў касцёле святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 25-годдзя святарства пробашча гэтай супольнасці ксяндза каноніка Юзафа Багдзевіча, дэкана Астравецкага, Біскупскага вікарыя па справах агульнага душпастырства Смаргонскай акругі Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. З ім разам маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і юбіляр, які дзякаваў Богу за 25-гадовае святарсткае служэнне.
«Мінула 25 гадоў, а памятаецца тая хвіліна, калі біскуп удзяляў пасвячэнне», — сказаў ксёндз канонік, вітаючы ўсіх прысутных.
Гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі, колішні аднакурснік ксяндза Багдзевіча па Гродзенскай духоўнай семінарыі. Іерарх адзначыў, што напісаны шматлікія трактаты, кнігі, разважанні, у якіх разглядаецца, што такое святарства ў Новым і Старым Запаветах.
Біскуп звярнуў увагу на тое, што святарства, як акрэсліў Ян Павел II, — гэта «дар і таямніца». «Дар, які чалавек атрымаў без аніякай заслугі», — дадаў біскуп Касабуцкі.
На юбілейнай урачыстасці сабраліся мясцовыя вернікі і госці, сярод якіх былі родныя брат і сястра святара-юбіляра са сваімі вялікімі сем’ямі. На самым пачатку Імшы ксёндз Багдзевіч падзякаваў сваім бацькам за тое, што выхавалі яго ў сапраўднай веры і любові да Бога. Павіншаваць сабрата сабраліся святары з розных мясцін: тыя, што раней працавалі ў астравецкай парафіі, якія вучыліся з юбілярам на адным курсе, якія нясуць служэнне на Астравеччыне і іншыя.
У святыні прагучала шмат цёплых словаў падзякі ксяндзу Юзафу за ахвярнае служэнне ў розных парафіях.
На заканчэнне Эўхарыстыі юбіляр падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за цэлебрацыю Імшы, біскупу Касабуцкаму, святарам і парафіянам — за прысутнасць і супольную малітву.
Ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат).
Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 12 кастрычніка 1997 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
З 2003 года святар з’яўляецца пробашчам парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы.