Пошук

03.11.2022 10:31   Тэкст: Святлана Жылевіч / Waladarka.by / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by / Catholic.by

29 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай адбылася першая дыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Удзельнічалі ў ёй як вернікі з Браслава, так і з Глыбокага, Мёраў, Паставаў і Полацка.

Як паведамляецца на сайце Браслаўскага санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by, галоўным матывам сустрэчы была тэма важнасці малітвы за памерлых. Як адзначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, «мы не маем права забываць пра памерлых, бо яны, як і мы — частка Касцёла».

Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць, і канечне, разам памаліцца.

Таксама ў праграму дня ўвайшлі канферэнцыі. Адна з іх — ад дырэктара выдавецтва «Pro Christo» Аліны Новікавай — была прысвечана гісторыі заснавання Кангрэгацыі сясцёр памочніц душам чыстцовым і Апостальства дапамогі душам чыстцовым.

У сваю чаргу пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксёндз Мікалай Ціхановіч падзяліўся досведам свайго служэння як экзарцыста і распавёў, наколькі важнай з’яўляецца малітва за памерлых.

«Памерлы не знікае. Час яго пілігрымавання на зямлі сканчваецца, але памерлы не знікае.

Каталіцкі Касцёл кажа, што некаторыя душы ачышчаюцца перад тым, як увайсці ў Валадарства Божае. У чыстцы яны знаходзяцца ў стане суду, іх час заслугаў завяршыўся. Таму часта кажуць, што памерлыя не могуць сабе дапамагчы», — адзначыў святар.

Менавіта з гэтай мэтай дзейнічае апостальства, каб малітваю дапамагаць душам чыстцовым дасягнуць хвалы Неба.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.