Пошук

05.10.2022 11:09   Тэкст: кс. Павел Лемех ОМІ / Фота: с. Вераніка Жмурко Fdlc / Catholic.by

З 25 верасня па 2 кастрычніка ўпершыню ў гісторыі парафіі святога Юзафа ў Брэсце (Пінская дыяцэзія) праходзілі святыя місіі — час асаблівай ласкі, прапаведвання Добрай Навіны, навяртання і духоўнага аднаўлення вернікаў.

Па запрашэнні пробашча гэтай маладой брэсцкай парафіі ксяндза Антонія Гея святыя місіі правялі святары з законніцкай супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі: ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ і ксёндз Павел Лемех ОМІ.

Падчас святых місій вернікі слухалі слова Божае. Ад нядзелі да серады гучаў пакаянны звон, які заклікаў да навяртання і перамены жыцця ўсіх тых, хто яго чуў. Парафіяне, разважаючы пра таямніцу смерці і вечнага жыцця маліліся за сваіх блізкіх памерлых і за сябе.

Хворыя і састарэлыя мелі магчымасць разам сустрэцца на святой Імшы, паслухаць Божае слова і прыняць святыя сакрамэнты.

Парафіяне разам з місіянерамі праслаўлялі Хрыста прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

У пятніцу ў духу ўміласціўлення ўдзельнікі місій перапрашалі Бога за ўсе грахі: свае ўласныя і ўсяго свету.

У гэты дзень пасля ўрачыстага набажэнства адбылося ўсталяванне і благаслаўленне місійнага крыжа.

У суботу пробашч разам з парафіянамі даручылі ўсю парафію Беззаганнай Марыі, Маці Бога і нашай нябеснай Матулі. Многія вернікі скарысталіся з сакрамэнту паяднання.

У нядзелю 2 кастрыніка адбылося ўрачыстае заканчэнне святых місій.

Вернікі, якія бралі ў іх удзел, атрымалі поўны адпуст.

Яны сабраліся каля місійнага крыжа, каб ушанаваць яго і падзякаваць Богу за духоўную перамогу Божай ласкі ў чалавечых сэрцах.

 

Абноўлена 05.10.2022 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця