Пошук

30.09.2022 10:16   Тэкст: Яна Трафімік / Фота: Ніна Бабіч / Catholic.by

29 верасня, у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў студэнтаў і навучэнцаў на новы навучальны год.

Каталіцкая моладзь, якая вучыцца ў сталіцы, сабралася на супольную малітву, якая суправаджалася адмысловым благаслаўленнем саміх студэнтаў і іх заліковак.

Першая ў гэтым навучальным годзе сустрэча моладзі ў архікатэдры прайшла пад дэвізам «Каб усе былі адно».

Напачатку адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Іерарх звярнуў увагу юнакоў і дзяўчат на тое, як важна несці Евангелле ў штодзённае жыццё; у месцы, дзе жывем і вучымся; тым, хто побач. Літургія слова на Імшы была падрыхтавана Душпастырствам моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» — моладзевай супольнасцю, якой апякуюцца ксяндзы хрыстусоўцы.

Пасля Эўхарыстыі прысутная моладзь зрабіла ўжо традыцыйны агульны фотаздымак разам са святарамі і законнымі сёстрамі. Потым адказны за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак запрасіў усіх на інтэграцыйную частку ў дольным касцёле архікатэдры.

Распачалася інтэграцыя знаёмствам супольнасцяў. Для лепшага і навочнага прадстаўлення, моладзь намалявала на кавалках тканіны «сцягі», якія змяшчалі сімволіку і апісвалі асаблівасці той ці іншай супольнасці. Пасля гэтыя сцягі былі з’яднаны ў адзін вялікі ветразь і размешчаны на караблі, які нясе па хвалях вецер.

Такім чынам моладзь прадставіла вобраз Касцёла, які пад дзеяннем Духа Святога імкнецца да Збаўлення. Менавіта аб’яднаўшыся разам можна здзяйсняць вялікія рэчы ў іх прыгожай разнастайнасці і асаблівасці, але ў еднасці ў Хрысце.

Сустрэчу працягнулі падрыхтаваныя салезіянскай моладдзю вясёлыя гульні і танцы, якія таксама ядналі і прыносілі радасць удзельнікам.

Сустрэча завяршылася малітвай, пад кіраўніцтвам хрыстусоўцаў, усмешкамі, смачным печывам з гарбатай, а таксама цёплымі абдымкамі, якія будуць грэць у халоднае восеньскае надвор’е.

Абноўлена 30.09.2022 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.