Міжнародная дыяконія евангелізацыі і вызвалення «Каштоўная пярліна» руху «Святло-Жыццё» адзначыла 30-годдзе свайго існавання ў Беларусі.
Дата пачатку дзейнасці супольнасці ў Мінску звязана са святам Узвышэння Крыжа 14 верасня, таму што першая евангелізацыя і сустрэчы адбыліся ў 1992 годзе ў сталічным касцёле з такім тытулам, размешчаным на Кальварыйскіх могілках. Заснавальнікам і мадэратарам супольнасці з’яўляецца ксёндз Ірэнэуш Копач, які рэгулярна некалькі разоў на год прыязджаў ў Беларусь з Германіі на рэкалекцыі і сустрэчы.
У супольнасці нарадзілася некалькі святарскіх пакліканняў, сярод якіх пакліканне ксяндза Аляксандра Фамяных, дырэктара «Радыё Марыя» Беларусь і айца Пятра Карнелюка, францішканіна, які цяпер нясе служэнне ў Маскве. Ёсць і манаскія пакліканні, сярод якіх пакліканне сястры Яны Аляксеевай з супольнасці сясцёр святой Ядзвігі, пакліканні сужэнскія. Варта ўзгадаць і падзякваць Богу за дар сям’і Наталлі і Руслана Ташціміравых, якія выхоўваюць дзесяцёра дзяцей.
Наогул праз фармацыю супольнасці за тры дзесяцігоддзі яе дзейнасці ў Беларусі прайшлі тысячы людзей.
Супольнасць у Мінску дзейнічае пры парафіі святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл), а на рэкалекцыі з 1994 года кожны месяц выязджае ў вёску Сініло.
Удзельнікі «Каштоўнай пярліны» запрашаюць на евангелізацыйныя сустрэчы кожны панядзелак у 20.00 у дольнай зале Чырвонага касцёла.
Кантактная інфармацыя:
+375 (29) 570 87 48 – Юлія Фралова