14 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы з нагоды парафіяльнага адпусту.
У прамоўленай гамліі заслужаны іерарх заўважыў, што ў штодзённым жыцці крыж атаясамліваецца з рознымі праблемамі і цяжкасцямі. Ён дадаў, што ў сучасным свеце дамінуе менталітэт спажывальніцтва, задавальненняў, лёгкага жыцця, імгненага поспеху і непрамінальнага шчасця.
«Перанясенне такога спажывальніцкага менталітэту на духоўнае жыццё вядзе да хрысціянства без крыжа. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да таго, што мы патрабуем збаўлення без нанамаганняў з нашага боку», — канстатаваў арцыпастыр. Прыкладам такога падыходу, паводле яго, становіцца так званае «Евангелле поспеху», калі вера ў Бога разглядаецца як кантракт паміж чалавекам і Богам.
«Бог як быццам павінен забяспечыць чалавеку дабрабыт за веру у Яго. Гэта хворая і скалечаная форма хрысціянства, калі Бог з’яўляецца „кішэнным“ і выконвае ўсе нашы патрабаванні», — адзначыў іерарх. Ён нагадаў, што «Сын Божы ўцелавіўся не для таго, каб забяспечыць нам камфортнае жыццё, але каб нас збавіць і паказаць шлях да справядлівага жыцця».
«На гэтым шляху нам спадарожнічае крыж. Хрысціянін павінен адрачыся ад самога сябе, узяць свой крыж і ісці за Хрыстом. Езус прыйшоў, каб мы мелі паўнату не матрыяльнага, але духоўнага жыцця», — падкрэсліў арцыпастыр. Пры гэтым ён звярнуў увагу на пэўны «парадокс крыжа, на якім смерць перамагла смерць»: «Таксама і мы, паміраючы для сябе, нясучы свой крыж і ідучы за Хрыстом, перамагаем саміх сябе, свой грэх і становімся адно з Езусам. Гэта азначае становімся новымі: такімі, якімі нас стварыў Бог паводле свайго вобразу і падабенства. У нас знікае эгаізм і становіцца больш месца для Езуса, для любові да Яго і да бліжняга», — сцвердзіў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вілейскіх вернікаў «практыкаваць набажэнства да святога Крыжа як знаку нашага збаўлення і надзеі; не баяцца яго несці, каб не загразнуць у менталітэце спажывальніцтва і лёгкага поспеху».