У ноч з 10 на 11 верасня пасля шматгадовага перапынку ў парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло малітоўнае чуванне моладзі.
Арганізатарамі супольнай малітвы выступіла парафіяльная моладзь, ініцыятыву падтрымаў пробашч, ксёндз канонік Юрый Санько.
Для ўдзелу ў чуванні зарэгістравалася больш за 50 асоб, прычым на Залатой Горцы сабраліся юнакі і дзяўчаты не толькі з Мінска, але і з іншых гарадоў.
Распачалося чуванне са святой Імшы, якую цэлебравалі ксёндз Юрый Жэгарын з Навагрудка, ксёндз Юрый Санько і духоўны айцец прапедыўтычнана курса духоўнай семінарыі ў Мінску ксёндз Алег Пятрашка. У прамоўленай гаміліі ксёндз Юрый Жэгарын распавёў пра заступніцкую малітву і яе значэнне для духоўнага жыцця вернікаў.
Пасля Імшы ўдзельнікі маглі асабіста адчуць моц такой малітвы: ахвотныя па чарзе падыходзілі да святароў, а тыя ўскладалі на іх рукі і маліліся. Такое ў Залатагорскай парафіі адбылося ўпершыню.
Пасля перапынку чуванне працягнула канферэнцыя, у якой ксёндз Алег прапанаваў удзельнікам паразважаць на тэму свабоды.
З вечара і да світання моладзь малілася ў сценах старадаўняй святыні на Залатой Горцы, спявала песні на хвалу Пану, разважала і дзякавала за гэтую ноч, асветленую промнем Божай ласкі.
Чуванне завяршылася раніцай, і яго ўдзельнікі вярталіся дадому духоўна ўмацаванымі, несучы ў сэрцах любоў да Хрыста, каб ёю дзяліцца з іншымі.