11 верасня ў мястэчку Верцялішкі каля Гродна адбылася сустрэча святароў, якія 25 гадоў таму як адна супольнасць 26-і юнакоў-аднакурснікаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі распачалі падарожжа да святарства і вось ужо амаль 20 гадоў у сваёй большасці служаць Богу і людзям як душпастыры ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.
Адмысловай нагодай для юбілейнай сустрэчы святароў-аднакурснікаў 1997 года паступлення ў семінарыю стала знамянальная ўрачыстасць пасвячэння новага касцёла ў парафіі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Верцялішках. Пробашчам і кіраўніком пабудовы новай святыні з’яўляецца адзін са святароў з гэтай групы — ксёндз Яўген Барысюк.
Як трапна заўважыў у прывітальным слове першы стараста курса ксёндз канонік Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе, цяжка было нават запланаваць лепшую нагоду для святкавання юбілею 25-годдзя ад пачатку супольнага шляху да святарства і ў святарстве як радасць пасвячэння новай святыні на хвалу Божую і збаўленне вернікаў.
Падчас святой Імшы пасвячэння касцёла, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары-аднакурснікі мясцовага пробашча разам з вернікамі дзякавалі Пану Богу і за дар новай святыні, і за дар святарства.
Сёння святары з групы 1997 года паступлення ў семінарыю служаць у шматлікіх парафіях Гродзенскай, Віцебскай, Пінскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яны нясуць служэнне і як руплівыя пробашчы парафій, і як рэктары духоўных семінарый, і як кіраўнікі і супрацоўнікі дыяцэзіяльных курый, вырашаюць разнастайныя юрыдычныя і будаўнічыя справы Касцёла ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Азіраючыся на пройдзены сумесны шлях, сабраныя на юбілей святары асабліва адзначалі той вялікі дар, якім ёсць трыванне на працягу 25-і гадоў у жывой аднадушнай супольнасці спачатку як семінарыстаў і ўжо многія гады як святароў. Гэтае ўзаемнае дзяленне, перажыванне і падтрымка ў радасцях і клопатах святарскага шляху стала асаблівым дарам Божага Провіду для кожнага з гэтых святароў, якія перажываюць такі прыгожы юбілей.