Пошук

06.09.2022 11:10   Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

4 верасня ў Бялынічах на Магілёўшчыне адсвяткавалі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай — Бялыніцкі фэст.

Урачыстасці ў горадзе, дзе калісьці знаходзіўся адзін з найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай, сёлета ўпершыню ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Ва ўрачыстасцях узяў удзел таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

З прывітальным словам да прысутных перад пачаткам цэлебрацыі звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Міска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ўжо сем гадоў з’яўляецца адказным за Магілёўскі рэгіён.

«Культ Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі, няспынна на нашай зямлі аднаўляецца і, канечне, павялічваецца. У гэтым годзе ўдалося арганізаваць пятую пілігрымку Магілёў – Бялынічы, у якой прыняло ўдзел 60 асоб. Гэта знак таго, што на Беларусі Бог жыве, і любоў да Маці Божай ўсё больш і больш павялічваецца ў сэрцах людзей», — адзначыў біскуп Яшэўскі. Заахвоціўшы да малітвы ва ўсіх інтэнцыях, з якімі вернікі прыбылі ў Бялынічы, іерарх пажадаў, каб Бог усіх падтрымаў і ўмацаваў сваёй ласкай, а Панна Марыя Бялыніцкая ахінула плашчом сваёй Матчынай апекі і абароны.

Гамілію падчас урачыстай святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Станеўскі.

Ён заўважыў, што ў месяцы верасні, на пачатку навучальнага года, мы як вучні прыходзім у школу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Іерарх дадаў, што сёння ў школе Марыі мы павінны яшчэ раз адказаць сабе на пытанне, з кім і за кім я крочу па жыцці. «Ісці за Езусам — вось нашая мэта. Святая Камунія і прыняцце Хрыста — гэта бальзам, гэта лек для нашых сэрцаў», — падкрэсліў арцыпастыр.

Гаворачы аб адраджэнні культу Маці Божай Бялыніцкай, іерарх пачаў з успаміну аб малой радзіме: «Чалавек заўсёды вяртаецца з любоўю туды, дзе праходзіла яго жыцце. Зноў і зноў мы вяртаемся на нашую малую радзіму. Сёння гэта трон Марыі, гэта Бялынічы». Арцыбіскуп звярнуўся да гісторыі святыні ў Бялынічах, якая бярэ пачатак у XVI стагоддзі.

«Нашыя продкі аддзячылі Марыі, збудаваўшы святыню: напачатку драўляную, потым мураваную. На працягу стагоддзяў будавалі і перабудоўвалі.

Змяняліся пакаленні, але нязменнай засталася апека Маці Божай над нашым народам», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што абраз Маці Божай Бялыніцкай быў каранаваны папскімі каронамі ў 1761 годзе. «Сведкаў тых падзей няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз лучнасць святых», — зазначыў іерарх. Не абмінуў ён і пажару, які здарыўся ў Бялынічах у жніўні 1859 года. Гэтай сумнай падзеі прысвяціла свой верш тагачасная беларуская польскамоўная паэтка Габрыэля Пузыня, чые радкі працытаваў іерарх.

Вяртаючыся да сучаснасці, арцыпастыр падкрэсліў важную ролю моладзі ў Касцёле, пра што на пачатку Імшы казаў таксама біскуп Яшэўскі. Маладым вернікам арцыбіскуп Станеўскі нагадаў словы Папы Францішка:

«Так, як было, ніколі не будзе, гэта гісторыя, але сеняшні дзень належыць нам. Вось дзень, які даў нам Пан, трэба радавацца і цешыцца. Сёння нельга губляць ахвоты на добрую перамену жыцця», — заахвоціў іерарх.

Напрыканцы цэлебрацыі пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка падзякаваў прысутным біскупам, прэзбітэрам, міністрантам, хору, парафіянам і супрацоўнікам «Радыё Марыя» за трансляцыю Імшы.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылося благаслаўленне новых вотумаў, якія вернікі прыносяць з розных парафій Беларусі, а таксама з розных куткоў свету. Гэтыя вотумы — асабісты дар, выраз пабожнасці, калі чалавек хоча за штосьці аддзячыць Богу або ахвяраваць у пэўнай інтэнцыі. Плануецца, што з часам з іх будуць зроблены каштоўныя кароны для абраза Маці Божай Бялыніцкай.

Тутэйшыя вернікі і іх пастыры не губляюць надзеі адшукаць страчаную святыню і вярнуць яе ў Бялынічы — месца, абранае самой Багародзіцай.

 

Абноўлена 06.09.2022 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.