Пошук

05.09.2022 17:28   Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

3 верасня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне святары з Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіяне), дыякан Марк Найдзіч SDB атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Сакрамэнт пасвячэння другой ступені ўдзяліў маладому беларускаму салезіяніну яго старэйшы сабрат, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як паведамляецца на старонцы салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, на гэтую радасную падзею сабралася ўся салезіянская сям’я Беларусі: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі. Таксама на свяце прысутнічалі святары з іншых манаскіх супольнасцяў, родныя і сябры дыякана, шматлікія вернікі, дзеці і моладзь.

З уступным словам да прысутных перад пачаткам Эўхарыстыі звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ён прывітаў дыякана Марка, біскупа Аляксандра, сабратоў салезіянаў, святароў, усю салезіянскую сям’ю, моладзь і асаблівым чынам бацькоў і родных дыякана Марка.

Біскуп Яшэўскі, у сваю чаргу, адзначыў, што вельмі ўзрушаны, бо ведае Марка з часоў, калі той яшчэ быў малым хлопцам і служыў пры алтары ў якасці міністранта

Біскуп засведчыў, што гэтую святую Імшу ахвяруе за будучага святара.

Пасля літургіі Божага слова дэлегат зачытаў жыццярыс Марка Найдзіча і яго шлях падрыхтоўкі да святарства, а пасля засведчыў перад біскупам і народам, што супольнасць лічыць дыякана Марка годным прэзбітэрскага пасвячэння.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі засяродзіўся на таямніцы святарства, «у якой недасканалы чалавек мае моц дзейнічаць ад імя Хрыста». Іерарх падкрэсліў і адказнасць, якую бярэ на сябе святар: «Прыняцце сакрамэнту пасвячэння патрабуе святасці». Каб дасягнуць такой святасці, паводле біскупа, «неабходна мець блізкі кантакт з Богам, маліцца штодзённа і маліцца так, каб малітва была апостальствам».

Звярнуў увагу біскуп і на крызіс веры, які існуе ў сучасным свеце, дадаўшы, што ніякія крызісы няздольныя перамагчы Бога.

«Сёння твая задача, дыякан Марк, прыкладна такая ж: супрацьстаяць свету, які раз’юшаны, агрэсіўна настроены супраць Бога. І ўсё ж твая вера скажа табе, што Бог, калі ён пашле цябе да гэтых душаў у свеце, дасць табе ўсё неабходнае, каб перамагчы, каб выратаваць іх», — скіраваў біскуп словы айцоўскага заахвочвання кандыдыту. Ён дадаў, што адным з галоўных правілаў для святара павінна быць любоў: любоў да Бога, якая будзе адлюстроўвацца на людзей.

«Святар набліжаецца да людзей, каб даць, а не атрымаць. Адметнасць святара — аддаваць сябе дарэшты», — падкрэсліў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем, каб Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці святароў, заўсёды суправаджала святарскую дзейнасць новапрэзбітэра і была з ім у кожную хвіліну жыцця.

Пасля гаміліі адбыліся абрады сакрамэнту пасвячэння, пасля чаго ксёндз Марк Найдзіч SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю.

Пасля святой Імшы сабраныя віншавалі новапрэзбітэра. Ад імя ўсіх сабратоў салезіянаў прамовіў дэлегат ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.

Ён пажадаў свайму сабрату ніколі не забываць цытату з Новага Запавету, якая яго суправаджае па жыцці і якая запісана на прыміцыйным абразку: «Любоў ніколі не мінае».

Павіншавалі новага святара сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, моладзь, а таксама родныя і блізкія.

Напрыканцы новапрэзбітэр падзякаваў Богу за дар паклікання, бацькам і родным за выхаванне ў праўдах веры, біскупу Аляксандру за ўдзелены сакрамэнт, сабратам салезіянам, якія дапамагалі і выхоўвалі яго падчас фармацыі, а таксама сёстрам салезіянкам і ўсёй салезіянскай сям’і, сваім сябрам і моладзі.

Абноўлена 10.09.2022 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.