Пошук

26.08.2022 10:05   Фота: С. Часлава Навіцкаая USJK / Catholic.by

24 жніўня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў традыцыйны фэст у гонар  святога апостала Барталамея ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат).

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім звярнуў увагу на тое, што ў Евангеллі Барталамей вядомы таксама пад імем Натанаэль, якое ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае «Богам дадзены».

Арцыпастыр нагадаў, што яго да Езуса прывёў ягоны брат, апостал Філіп, сказаўшы, што знайшоў таго, аб якім пісалі Майсей і прарокі — Езуса з Назарэта. Барталамей напачатку скептычна ставіўся да гэтага, аднак Філіп настойліва казаў яму «Пайдзі і паглядзі».

«Словы „Пайдзі і паглядзі“ сталі ключавымі ў пакліканні Барталамея, які прызнаў у Езусе свайго Настаўніка і Сына Божага. У часы секулярызацыі яны павінны стаць імператывам нашага жыцця. Трэба ісці да Езуса і паглядзець, а Ён знойдзе шлях, як аб’явіць сябе ў Эўхарыстыі, Божым слове, справах міласэрнасці і іншай касцёльнай дзейнасці», — запэўніў арцыбіскуп эмэрыт.

Ён дадаў, што цяпер сярод нас шмат людзей няверуючых і тых, хто адышоў ад Бога.

«Але ці мы бачым іх і ці хочам, каб яны яго сустрэлі? Можа, абыякава праходзім побач, не звяртаючы ўвагі?.. Такі падыход не з’яўляецца хрысціянскім. Мы павінны быць адказнымі не толькі за сваё збаўленне, але таксама і іншых. Нам неабходна браць прыклад са святога Барталамея і натхняцца яго ўчынкамі, каб быць апосталамі ХХІ стагоддзя.

Для гэтага трэба быць сапраўднымі, а не штучнымі хрысціянамі.

Шмат людзей носяць маскі. Не толькі медыцынскія, але такія, якія хаваюць іх сапраўднае аблічча, бо яны яны не з’яўляюцца такімі, якімі прадстаўляюць сябе. З мэтай дасягнуць поспеху ў жыцці яны не вагаюцца „ісці па трупах“ у дасягненні пастаўленай мэты, звонку выглядаючы добрымі і цнатлівымі.

Нельга быць артыстамі, трэба заставацца самімі сабой. Касцёл не мае патрэбы ў фальшывых, нясталых і несапраўдных хрысціянах. Вера не з’яўляецца фэйкам. Яна ўзрастае, калі ў святле Евангелля мы бачым уласныя слабасці і абмежаванні і дазваляем Богу змяняць нас. Вера — гэта цнота, на якой грунтуецца хрысціянства. Яна здольная па-за межамі пачуццяў бачыць боскую рэальнасць», — сказаў сабраным на фэст вернікам арцыпастыр.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў налібацкіх парафіянаў па прыкладу свайго нябеснага апекуна святога Барталамея быць сейбітамі і абаронцамі веры, носьбітамі Божай праўды і яе сведкамі ў сучасным свеце, каб змяняць яго на лепшы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця