Пошук

01.08.2022 11:33   Тэкст: кс. Юрый Медушэскі / Фота: с. Вераніка Жмурко SМ / Catholic.by

У суботу 30 ліпеня ксёндз прэлат Антоній Гей, найстарэйшы пасля біскупа Казіміра Велікасельца духоўны Пінскай дыяцэзіі, адзначаў 75-годдзе з дня нараджэння і 44-ю гадавіну святарства.

Шматлікія вернікі парафіі святога Юзафа ў Брэсце сабраліся разам, каб у супольнай малітве дзякаваць Богу за свайго пробашча, ксяндза Антонія, і прасіць шчодрых Божых ласкаў для свайго шматгадовага душпастыра.

Кульмінацыяй свята стаў удзел усіх сабраных у святой Імшы, на якую прыбылі святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. На пачатку Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў сам юбіляр, ён прывітаў усіх удзельнікаў і выказаў словы падзякі Богу за дар жыцця, веры і паклікання.

Ксёнз прэлат падкрэсліў, што святарскае служэнне робіць яго шчаслівым, і заахвоціў сабраных разам з ім дзякаваць Богу і маліцца за яго, каб мог да канца выканаць Божую волю.

Ксёндз Антоній зазначыў, што, нягледзячы на ўзрост, неабходна пастаянна развівацца духоўна, яшчэ больш адкрываць каштоўнасць святарства і вучыцца прыслухоўвацца да меркавання маладых сабратоў. Ён дадаў, што дары і ласкі, якімі надзелены святар, незлічоныя.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў ксёндз Януш Чарнамораў, пробашч парафіі ў Нароўлі.

У Божым слове ён разважаў над першасвятарскай малітвай Езуса, у якой асабліва яскрава выяўляецца веліч святарства.

Між іншым, ксёндз Януш звярнуў увагу на пазнанне Бога, сяброўства з Езусам, удзел святара ў славе Хрыста. Ён таксама адзначыў заданне сведчання пра Бога Айца, які так моцна палюбіў свет; пра Сына, які заклікае да навяртання і слабых людзей робіць сваімі сябрамі; і пра Духа Святога, на натхненні якога неабходна быць пастаянна адкрытымі дзеля будавання жывой супольнасі Касцёла.

На заканчэнне Імшы гучалі словы падзякі і віншавання ад дзяцей, моладзі, сем’яў і асобаў старэйшага ўзросту.

Вернікі дзякавалі Богу за свайго пробашча і жадалі яму, нягледзячы на ўзрост, яшчэ доўгіх гадоў служэння ў моцным здароўі на Божую хвалу.

Канцлер дыяцэзіяльнай Курыі ксёндз Андрэй Рылка перадаў юбіляру віншаванні ад біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.

 

Абноўлена 01.08.2022 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця