Пошук

01.08.2022 11:10   Тэкст і фота: Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

29 ліпеня, ва ўспамін святых Марыі, Марты і Лазара, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў маладую каталіцкую супольнасць горада Мінска.

Парафія, якая знаходзіцца ў мікрараёне Уручча, што на ўсходзе беларускай сталіцы, мае тытул святога апостала Андрэя і святога Леапольда Багдана Мандзіча. Служэнне ў ёй нясуць палатыны — святары з Таварыства каталіцкага апостальства, заснаванага ў ХІХ стагоддзі святым Вінцэнтам Палоцці.

Цяпер вернікі парафіі разам са сваімі душпастырамі вядуць будаўніцтва парафіяльнага касцёла і пакуль што моляцца ў невялікай капліцы.

Мэта візіту арцыпастыра — пазнаёміцца з ходам будаўніцтва касцёла, на якім этапе яно знаходзіцца, і якія ёсць планы і перспектывы на будучыню, але таксама — што немалаважна — перадусім пазнаёміцца са «святыняй» пабудаванай з жывых «камянёў» — з мясцовымі парафянамі.

Адзін з душпастыраў, якія нясуць служэнне ў парафіі, ксёндз Яўген Эйсмант SAC паказаў арцыбіскупу Станеўскаму будоўлю, расказаў іерарху аб планах на будучыню і аб тым, якія цяжкасці даводзіцца пераадольваць.

Кульмінацыяй візіту стала супольная малітва з вернікамі парафіі ва Уруччы. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў для іх цэлебрацыю святой Імшы, на якой дзякаваў Богу за дапамогу і апеку над парафіяй.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа