
13 ліпеня, у 79-ю гадавіну смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, вернікі маладой гродзенскай парафіі, якая абрала яе сваёй апякункай, наведалі фарты ў Навумавічах.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на месцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны была расстраляна Мар’яна Бярнацкая разам з жыхарамі свайго роднага Ліпска і Гродна, адбылася святая Імша.
На гэтых фартах, якія знаходзяцца паблізу новай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, у велізарных магілах можа спачываць больш за тры тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духавенства.
На Эўхарыстыі ў лесе, дзе адбываліся трагічныя падзеі тых часоў, сабраліся парафіяне, якія дзякавалі ўсім сведкам веры, у тым ліку сваёй апякунцы, за іх вялікую адвагу ў простым і сціплым жыцці.

Цэлебрацыю ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч. Як падкрэсліў святар у гаміліі, благаслаўлёная Мар’яна паказвае, што штодзённасць, звычайнае, простае жыццё, можа стаць шляхам узрастання ў святасці, а таксама што можна любіць і быць шчаслівым чалавекам, выкарыстоўваючы нават свае абмежаваныя магчымасці, складаныя і напоўненыя працай дні. Святар заахвоціў сваіх парафіянаў, каб на ўзор іх апякункі, рэалізуючы ідэал святасці, яны жылі ў камуніі з Богам — працуючы, молячыся, церпячы, слухаючы, дапамагаючы бліжнім.
На Эўхарыстыі вернікі маладой парафіі асаблівым чынам маліліся аб паспяховым будаўніцтве святыні, якое распачалося акурат у ліпені.
Яны даручалі Богу ў малітве ўсіх сваіх сённяшніх і будучых ахвярадаўцаў і людзей добрай волі.



















