Пошук

22.06.2022 13:11   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

У нядзелю 19 чэрвеня ў парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбылося Марыйнае чуванне, у якім узяў удзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Распачалося набажэнства ўвечары Вяночкам да Божай Міласэрнасці, пасля чаго адбыўся Крыжовы шлях на прыкасцёльнай тэрыторыі, падчас якога парафіяне разважылі над тым, як важна не губляць надзею і нават у самых цяжкіх сітауцыях спадзяваца на Езуса і Маці Божую.

Потым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, і былі зачытаны падзякі і просьбы, скіраваныя да Маці Божай, а таксама Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і навэнна да Марыі Успамогі.

Кульмінацыяй Марыйнага чування стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх маліўся ў інтэнцыі пробашча парафіі ксяндза Казіміра Шыдэлкі SDB, які за некалькі дзён да гэтага адзначыў свой 65-ы дзень нараджэння, а таксама ў інтэнцыі дырэктара салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які рыхтаваўся адзначыць свой дзень нараджэння праз два дні.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў байку старажытнага паэта Эзопа, у якой паляўнічы жадаў адшукаць сляды ільва, але калі яму прапанавалі прайсці непасрэдна ў яго логава, то паляўнічы спалохаўся і адмовіўся.

«Так і мы ў нашым жыцці часта будуем нейкія планы, некуды імкнемся, але калі трэба зрабіць вырашальны крок, адмаўляемся ад задуманага. Калі Езус рабіў цуды, то ўсім гэта падабалася і ўсе ішлі за Ім, але калі Езус казаў, што Ён павінен будзе цярпець, будзе ўкрыжаваны, то паслядоўнікі не жадалі сустрэцца з рэчаіснасцю тварам у твар», — заўважыў іерарх.

Звяртаючыся да асобы ксяндза Казіміра, арцыбіскуп адзначыў, што ён ніколі не наракаў, а заўсёды рупліва выконваў сваю працу і меў вялікую пабожнасць да Маці Божай. Арцыпастыр дадаў, што распачатая ім ініцыятыва Марыйных чуванняў вельмі патрэбна і актуальна для нашага часу і нашага грамадства.

«Евенгелле таксама кажа аб тым, што той, хто хоча ісці за Хрыстом, павінен узяць крыж і несці яго.

Ты, ксёндз Казімір, узяў гэты крыж святарства, і 36 гадоў з 65-і гадоў твайго жыцця прысвечаны святарскаму служэнню. Гэта нялёгкі крыж, і ты яго нясеш. Няхай Нябесная Маці, Каралева супакою, Успамога хрысціянаў, дапамагае табе і далей яго несці», — з такімі словамі звярнуўся да пробашча арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля завяршэння святой Імшы адбылося благаслаўленне фігуры Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая ўсталявана каля будынку араторыя.

Плануецца, што Марыйныя чуванні ў Бараўлянах стануць традыцыйнымі і будуць адбывацца кожную трэцюю нядзелю месяца. Гэтая ініцыятыва нарадзілася пад натхненнем святых місій, якія адбыліся ў парафіі ў маі.

Абноўлена 22.06.2022 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа