Пошук

06.06.2022 11:33   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

У суботу 4 чэрвеня ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла ўрачыста адзначылі 60-годдзе святарства і 70-ю гадавіну манаскага жыцця ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB.

Павіншаваць з круглымі гадавінамі найстарэйшага салезіяніна ў Беларусі прыбылі шматлікія госці, сярод якіх былі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Юрый Касабуцкі, сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства ў нашай краіне ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.

Памаліцца за ксяндза Здзіслава сабраліся таксама сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, дзеці і моладзь, дыяцэзіяльныя святары і сёстры з іншых манаскіх супольнасцяў.

Перад распачаццем святой Імшы ксяндза Здзіслава Ведэра ўрачыста ўвялі ў святыню, дзе ўсіх сабраных прывітаў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Настаяцель беларускіх салезіянаў запрасіў ўсіх святароў ахвяраваць Эўхарыстычную Ахвяру за ксяндза Здзіслава, каб падтрымаць яго далейшае служэнне і такім чынам выказаць яму ўдзячнасць і зычлівасць.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ва ўступным слове заслужаны іерарх падзякаваў ксяндзу Ведэру за вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адзначыўшы, што палову свайго святарскага шляху ён прысвяціў менавіта ўсходу, будучы інспектарам для салезіянаў з краін былога СССР.

Арцыбіскуп нагадаў, што ксёндз Здзіслаў працаваў у Маскве, у Гродзенскай семінарыі і ў Смаргоні.

Гамілію на Імшы прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх адзначыў, што гадавіны святарства і манаскага жыцця ксяндза Ведэра — нагода для разважанняў і для шчырай падзякі.

«Вы, ксёндз канонік, сёння дзякуеце Богу, аднак і Вам таксама дзякуюць вашыя блізкія; праз прысутнасць іерархаў на сённяшнім юбілеі вам дзякуе наш Касцёл, наша салезіянская Кангрэгацыя — Ваша манаская супольнасць — і людзі, якія Вас вельмі паважаюць і любяць. Сапраўды, з Божай ласкі Вы сёння ёсць тым, кім ёсць, але тое, што гэтая Божая ласка не была ў Вас дарэмнай, — гэта Ваша заслуга», — зазначыў біскуп Яшэўскі.

На прыкладзе прарока Ераміі і святога Яна Хрысціцеля біскуп звярнуў увагу на таямніцу паклікання, падкрэсліўшы, што поспех у манаскім і святарскім жыцці дасягаецца адданасцю і трываласцю.

«Няхай Марыя, Успамога Хрысціянаў, дапаможа вам трываць у школе Боскага Настаўніка і напісаць Вашым далейшым жыццём у пакліканні такі прыгожы аўтапартрэт, які напісаў святы Ян Хрысціцель: „Я не Месія. Ён павінен павялічвацца, а я — памяншацца“», — завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Аляксандр Яшэўскі

Пасля святой Імшы са словамі віншавання звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі, які распавёў сваю гісторыю знаёмства з ксяндзом Здзіславам, адзначыўшы яго лагоднасць і ўвагу да кожнага.

Іерарх параўнаў ксяндза Ведэра з Бетлеемскай зоркай, якая ззяе, каб весці за сабой да сустрэчы ў Божым Валадарстве.

Таксама ксёндз Віктар Гайдукевіч зачытаў віншаванні ад ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча і інспектара салезіянскай інспекторыі ў Варшаве ксяндза Тадэвуша Ярэцкага SDB.

Словы віншаванняў з гадавінамі святарскага і манаскага жыцця ксяндзу Здзіславу Ведэру скіравалі таксама яго сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі ADMA і парафіяне.

Прадстаўніца Смаргонскага райвыканкаму Святлана Кот адзначыла, што Смаргоншчына можа па праве ганарыцца такім жыхаром, як ксёндз Здзіслаў Ведэр.

Напрыканцы да прысутных прамовіў сам найстарэйшы беларускі салезіянін. Ён адзначыў, што, пачуўшы такую вялікую колькасць добрых словаў у свой адрас, ён адчуваў цеплыню і бачыў, што гэтыя словы ідуць ад сэрца. Святар дадаў, што за ўсё гэта ён у першую чаргу дзякуе Усемагутнаму Богу, дзякуе таксама за дар паклікання. Найстарэйшы салезіянін у Беларусі адзначыў, што, сказаўшы Богу «так», ён ніводнага разу не пашкадаваў.

Пасля Імшы ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі, адбыўся святочны канцэрт і ўрачысты абед.

 

Абноўлена 07.06.2022 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.