22 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўпершыню ў якасці кіраўніка архідыяцэзіі наведаў Вілейку і Вілейскі край.
Пры браме касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы арцыпастыра хлебам-соллю віталі кандыдаты да сакрамэнту канфірмацыі.
Пробашч вілейскай парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла на пачатку нядзельнай святой Імшы сказаў: «Гэтае наведванне Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім з’яўляецца гістарычным, бо той, каму даручана кіраванне нашай архідыяцэзіяй, у першы год свайго служэння ў гэтай якасці прыбывае на сінявокую Вілейшчыну.
Тут жывуць добрыя людзі з моцнай хрысціянскай традыцыяй і глыбокай верай: тыя, якія захавалі веру; тыя, хто яе пераняў і цяпер стараецца далей перадаць маладому пакаленню. Ваша служэнне ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага выпадае на вельмі складаны час. Але мы глядзім на вас з надзеяй на тое, што Вы ўмацуеце веру ў нашых сэрцах і дапаможаце прадстаўнікам новага пакалення адшукаць той шлях, які прывядзе іх да Збаўцы. Са свайго боку мы гатовыя дапамагаць Вам у будаванні Божага Валадарства як малітвай, так і пасільнымі намаганнямі», — запэўніў іерарха шматгадовы вілейскі пробашч.
Падчас Імшы з рук арцыбіскупа Станеўскага 55 мясцовых вернікаў рознага ўзросту прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Да гэтай падзеі кандыдаты рыхтаваліся амаль год, стараючыся глыбей пазнаць праўды веры і молячыся аб атрыманні дароў Святога Духа.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу кандыдатаў да канфірмацыі і вернікаў парафіі на тое, што вера — гэта шлях да збаўлення, па якім чалавека вядзе Езус Хрыстус.
«Для таго, каб не збочыць з правільнага кірунку, мы маем надзейны „навігатар“ — Святое Пісанне», — падкрэсліў іерарх, заклікаўшы прысутных не толькі мужна вызнаваць сваю веру, але і быць яе адважнымі абаронцамі.
Вілейскія парафіяне шчыра падзякавалі арцыбіскупу, які з пастырскім візітам наведаў іх парафіяльную супольнасць, за ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі, за словы айцоўскага настаўлення, за прыклад служэння Касцёлу на Беларусі. Яны адзначылі, што ўдзелены сакрамэнт пакінуў у душы пяцідзесяці пяці асоб незнішчальную пячатку, якая назаўсёды пазначыла іх як хрысціянаў.
У другой палове дня арцыбіскуп Станеўскі наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Любані.
Мясцовыя жыхары каталіцкага веравызнання, а таксама госці з наваколля сустрэлі арцыпастыра хлебам-соллю, просячы яго благаслаўлення.
Парафія Божай Міласэрнасці ў Любані была афіцыйна зарэгістравана ў 2007 годзе, але супольнасць вернікаў існуе тут ужо даўно. Раней мясцовыя католікі належалі да вілейскай парафіі і хадзілі ў касцёл у Вілейцы. Пачынаючы з канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя, тутэйшыя вернікі некалькі разоў на год запрашалі святара, каб цэлебраваў святую Імшу ў іх мястэчку. Набажэнствы адбываліся ў прыватных дамах і каля прыдарожнага крыжа. Сёння ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Любані святая Імша цэлебруецца ва ўсе нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці, існуе пастаянная душпастырская апека.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі памаліўся разам з прысутнымі, удзяліў сакрамэнт Канфірмацыі і благаславіў вернікаў парафіі на пашырэнне Божага Валадарства ў сваім жыцці.