Пошук

10.05.2022 15:15   Паводле: Сяргей Юрэвіч / Smorgon.by / Відэа: YouTube канал мінскага араторыя aratoryj_mensk
Фрагмент спектакля. Фота Smorgon.by

7 мая ў Смаргоні быў прадстаўлены спектакль-драма «Святар» — сцэнічны аповед пра жыццё, дзейнасць і мучаніцкую смерць ксяндза Уладзіслава Вячорка, салезіяніна, які ахвярна служыў вернікам у мястэчку Параф’янава на Глыбоччыне.

Гісторыю святара моладзь з салезіянскага араторыя ў Мінску разам з дарослымі ўвасобіла на сцэне праз тэатральную ігру, спеў і танец. Як паведамляе Smorgon.by, спектакль адбыўся ў моладзевым араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла. Гэта было ўжо другое прадстаўленне спектакля, прэм’ера якога адбылася 26 лютага ў Мінску ў межах дня салезіянскай духоўнасці.

Салезіянская сям’я Мінска з нагоды 100-гадовага юбілею прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі стварыла адмысловы гістарычны спектакль-драму пра мала каму вядомага мучаніка нашай зямлі ксяндза Уладзіслава Вячорка SDB.

Уладзіслаў Вячорэк нарадзіўся 2 красавіка 1903 года ў Польшчы. Пасля школы працаваў на шахце па здабычы каменнага вугля, пазней скончыў настаўніцкую семінарыю.

Пачуўшы голас паклікання, пажадаў стаць духоўным сынам ксяндза Боско. Салезіянскі навіцыят праходзіў у 1925–1926 гадах, і 26 верасня 1926 года даў першыя манаскія абяцанні. Пасля вучыўся ў Кракаве, а 26 верасня 1929 года прынёс вечныя манаскія абяцанні. Як клерык выехаў на місію ў Кітай, але па прычыне праблем са здароўем вярнуўся ў Польшчу.

Святарскае пасвячэнне прыняў 21 чэрвеня 1936 года ў Кракаве. Працаваў катэхетам у салезіянскім цэнтры ў Вільні, а пасля такую ж пасаду заняў у рамеснай школе ў Дварцы, што на тэрыторыі сённяшняга Дзятлаўскага раёна. Пасля таго, як савецкая ўлада ліквідавала дом у Дварцы, выехаў у Вільню і стаў кіраўніком сталярнай школы. Адгукнуўся на просьбу арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага і прыняў удзел у «місіі Усход».

Працаваў у Барысаве, Зембіне, Параф’янаве. 29 чэрвеня 1942 года быў арыштаваны гестапа за душпастырскую і катэхетычную дзейнасць і пасаджаны ў турму ў Беразвеччы. Расстраляны з групай святароў і свецкіх вернікаў 4 ліпеня 1942 года ў Барку каля Беразвечча.

Гэты спектакль, як сцвярджае рэжысёр-пастаноўшчык драмы ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, з’яўляецца данінай павагі да гэтага святара-мучаніка і памяці пра яго.

«Я вельмі рады, што гэты спектакль убачылі людзі і такім чынам даведаліся пра ксяндза Уладзіслава, майго сабрата. Я моцна веру, што калісьці ён будзе беатыфікаваны: я ўжо малюся праз яго заступніцтва» — дадаў ксёндз Артур, які таксама выступіў у спектаклі ў якасці актора.

Увага! На фота прадстаўлены сцэны са спектакля-драмы «Святар», падзеі якой адбываюцца ў перыяд сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. У форме супрацоўнікаў НКУС і нацыстаў выступаюць акторы, што не з’яўляецца прапагандай савецкай і нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.

Абноўлена 10.05.2022 15:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.