Пошук

04.05.2022 13:30   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican Media via Reuters

3 мая з’явілася інтэрв’ю Папы Францішка, якое ён даў італьянскаму выданню Corriere della sera. У ім Папа расказаў, што папрасіў аб сустрэчы ў Маскве з Уладзімірам Пуціным, каб паспрабаваць спыніць вайну ва Украіне, але не атрымаў адказу.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на пачатку размовы Святы Айцец перапрасіў журналістаў, што не можа падняцца, каб прывітаць іх, паколькі мае разрыў звязкі ў клене і рыхтуецца да аперацыі, каб перамагчы боль, які перашкаджае яму ўдзельнічаць ва аўдыенцыях і сустрэчах з вернікамі.

Але галоўнае хваляванне ў Святога Айца выклікае не стан здароўя, а ўзброены канфлікт ва Украіне, як заўважыла рэдакцыя італьянскай газеты.

Папа распавёў пра намаганні, якія прыкладае разам з кардыналам Дзяржсакратаром П’етро Паралінам для спынення ваенных дзеянняў. «У першы дзень вайны я тэлефанаваў Зяленскаму», — сказаў Пантыфік. Ён зазначыў, што не меў тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным, але пажадаў зрабіць «выразны жэст, які мог бы ўбачыць увесь свет»: пайшоў да расійскага пасла, каб папрасіць аб тлумачэннях і заклікаць спыніць вайну.

«Потым, пасля дваццаці дзён вайны, я папрасіў кардынала Параліна перадаць Пуціну паведамленне пра тое, што я гатовы паехаць у Маскву. Безумоўна, было неабходна, каб крамлёўскі лідар прадставіў нейкае акенца.

Мы яшчэ не атрымалі адказу і працягваем настойваць, хоць я баюся, што ў актуальны момант Пуцін не можа і хоча рабіць такую сустрэчу. Але як не спрабаваць не спыніць гэтую жорсткасць?» — заўважыў Папа.

Ён занепакоены тым, што пакуль Уладзімір Пуцін не мае намеру спыняцца. Спрабуючы зразумець прычыны такіх паводзін, Папа адзначыў, што, магчыма, прысутнасць НАТА ля дзвярэй Расіі прымусіла кіраўніка Крамлю «гнеўна адрэагаваць і развязаць канфлікт». Нават калі гэта «не было прычынай гневу, то, прынамсі, паспрыяла яму», — лічць Святы Айцец.

Пантыфіка спыталі таксама пра адносіны да паставак узбраенняў ва Украіну. «Я вельмі далёка і не ведаю, як адказаць на пытанне пра тое, ці правільна пастаўляць зброю ўкраінцам. Зразумела, што цяпер на гэтай зямлі выпрабоўваецца зброя. Расіяне цяпер ведаюць, што ад танкаў мала карысці, і думаюць пра іншыя рэчы. Дзеля гэтага вядуцца войны: каб выпрабоўваць зброю, якую вырабляем. Так было падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі перад Другой сусветнай вайной.

Гандаль зброяй — гэта скандал, супраць якога мала хто выступае. Два-тры гады таму ў Геную прыбыў нагружаны зброяй карабель: яе трэба было перакласці на вялікае грузавое судна для перавозкі ў Емен. Работнікі порту не захацелі рабіць гэтага. Яны сказалі: давайце падумаем пра дзяцей Емена. Гэта малы, але цудоўны ўчынак. Такіх учынкаў павінна быць шмат», — лічыць пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што яго візіт у Кіеў не плануецца, бо спачатку ён павінен паехаць у Маскву.

«Я пакуль не збіраюся ехаць у Кіеў: адчуваю, што не павінен гэтага рабіць. Спачатку я павінен адправіцца ў Маскву, спачатку я павінен сустрэцца з Пуціным.

Але я святар, што я магу зрабіць? Раблю ўсё, што ў маіх сілах», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік распавёў пра сваю 40-хвілінную размову ў Патрыярхам Кірылам. «Першыя дваццаць хвілін ён з лістком у руцэ прадстаўляў мне ўсе апраўданні для вайны. Я выслухаў яго і сказаў: нічога з гэтага не разумею.

Браце, мы не дзяржаўныя служачыя, мы не можам карыстацца мовай палітыкі — мы павінны выкарыстоўваць мову Езуса. Мы пастыры аднаго святога Божага народа, таму мы павінны шукаць шляхі міру, імкнуцца пакласці канец агню зброі.

Патрыярх не можа ператварацца ў міністранта Пуціна. У мяне была запланавана сустрэча з ім на 14 чэрвеня ў Ерузалеме. Гэта была б наша другая сустрэча тварам у твар, ніяк не звязаная з вайной. Але цяпер нават ён згодны: „Давайце ўстрымаемся: гэта можа быць неадназначным сігналам“», — сказаў Пантыфік.

На думку Папы, цяперашняя сітуацыя сапраўды можа прывесці да сусветнай вайны. Спасылаючыся на папярэджанні, якія ён скіроўваў на працягу некалькіх гадоў, кажучы пра «фрагментарную сусветную вайну», Папа Францішак адзначыў: «Мая трывога была выклікана назіраннем за рэчаіснасцю: Сірыя, Емен, Ірак, у Афрыцы адна вайна за другой. Ва ўсім гэтым ёсць міжнародныя інтарэсы.

Немагчыма ўявіць, што свабодная дзяржава можа развязаць вайну супраць іншай свабоднай дзяржавы. Здаецца, што канфлікт ва Украіне стварылі іншыя.

Адзінае, у чым вінавацяць украінцаў, гэта ў іх рэакцыі на Данбасе, але гаворка ідзе пра падзеі дзесяцігадовай даўніны. Гэты аргумент састарэў. Безумоўна, украінцы — народ з гонарам», — сцвердзіў Папа Францішак.

Святы Айцец узгадаў пра Крыжовы шлях у рымскім Калізеі і пра просьбу ўкраінскага боку адмяніць сумеснае чытанне разважання расіянкай і ўкраінкай падчас трынаццатай стацыі. «Я патэлефанаваў тады кардыналу Краеўскаму, які знаходзіўся там (ва Украіне), і ён сказаў мне: трэба адмяніць, нельга чытаць гэтую малітву. Яны маюць рацыю: нават калі мы не можам да канца зразумець іх. Таму была цішыня. Яны ўразлівыя, адчуваюць сябе пераможанымі або зняволенымі, бо заплацілі высокі кошт падчас Другой сусветнай вайны. Вельмі шмат людзей загінула, гэта — народ-мучанік. Але мы таксама вельмі ўважлівыя да таго, што цяпер можа адбыцца ў Прыднястроўі», — сказаў Святы Айцец.

Папа лічыць, што «не існуе дастатковай волі да міру». Ён падзяліўся інфармацыяй, атрыманай ад Прэзідэнта Венгрыі Віктара Орбана, які сказаў яму, што «ў расіян ёсць план, усё скончыцца да 9 мая». «Спадзяюся, што гэта так і ёсць. Такім чынам можна зразумець эскалацыю гэтых дзён. Бо цяпер гэта не толькі Данбас, але гэта Крым, гэта Адэса, гэта захоп чарнаморскага порту Украіны, гэта ўсё.

Я настроены песімістычна, але мы павінны зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну», — падкрэсліў Папа Францішак.

Абноўлена 04.05.2022 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа