З 18 па 22 красавіка салезіяне ксяндза Боско перажывалі штогадовыя рэкалекцыі, якія прайшлі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія).
Гэтыя духоўныя практыкаванні былі асаблівымі, бо сёлета салезіянскае Таварыства адзначае 100-годдзе сваёй прысутнасці і дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэкалекцыі для законнікаў правёў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Гэтыя дні сталі часам духоўнай адновы і ўзмацнення, каб пасля іх духоўныя сыны святога Яна Боско з новымі сіламі маглі рэалізаваць салезіянскае і святарскае пакліканне ў сучасным свеце.
На працягу пяці дзён салезіяне пад кіраўніцтвам рэкалекцыяніста прысвячалі час малітве і разважанню над асноўнымі аспектамі кансэкраванага жыцця ў святле ўласнай харызмы.
Ужо стала традыцыяй, што падчас рэкалекцый салезіяне наведваюць каталіцкія святыні Беларусі. Гэты год не стаў выключэннем, і ўдзельнікі духоўных практыкаванняў пабывалі ў касцёлах у Струбніцы, Зэльве, Міжэрычах.
Перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі Міжэрыцкай святары цэлебравалі святую Імшу.
Важным аспектам у сёлетніх рэкалекцыях стаў дзень малітвы ў інтэнцыі ўсіх памерлых сабратоў салезіянаў, якія на працягу апошніх 100 гадоў працавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У апошні дзень рэкалекцый удзельнікі сабраліся на Эўхарыстыі ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Падчас гэтай святой Імшы адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў чыстасці, паслухмянасці і ўбоства.
Напрыканцы Эўхарыстыі заслужаны іерарх павіншаваў салезіянаў з юбілеем прыстунасці на нашых землях і выказаў словы ўдзячнасці за працу Таварыства і яго вялікі ўнёсак ў адраджэнне веры на Беларусі.