Пошук

18.03.2022 12:32   Тэкст: Іна Кавальчук-Грыб / Фота: Сяргея Гудзіліна / catholic-zhodzina.by / Відэа: YouTube-канал касцёла ў Жодзіне

16 сакавіка ў жодзінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай адзначылі 65 годдзе з часу святарскага пасвячэння ксяндза Юзафа Пятушкі, марыяніна, найстарэйшага святара ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Як адзначаецца на сайце жодзінскага санктуарыя Сatholic-zhodzina.by, 18 сакавіка ўжо далёкага 1957 года дыякан Юзаф Пятушка МІС прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і ўжо 65 гадоў верна здзяйсняе святарскае служэнне ў адпаведнасці з дэвізам Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў Pro Christo et Ecclesia — «За Хрыста і Касцёл». Цяжка палічыць, колькі разоў за гэты час ён цэлебраваў святую Імшу, колькім людзям удзяліў сакрамэнты, колькі яго выхаванцаў сталі святарамі, бачачы ў ім прыклад шчырай веры, вернасці і адданасці Богу.

Павіншаваць юбіляра ў дзень 65-годдзя святарства ў жодзінскі санктуарый прыбылі Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для вернікаў грэка-каталіцкага абраду архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін, іншыя сабраты марыяне, парафіяне з Жодзіна і Барысава.

«Сёння, у гадавіну святарства, шаноўны айцец Юзаф нібыта запрасіў нас у той вячэрнік, 65 гадоў таму, калі ён першы раз пачуў словы: „Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка“, ты будзеш прыладай у руках Божых, — сказаў арцыбіскуп Станеўскі. —

І ўсе гэтыя 65 гадоў ён здзяйсняе вялікія справы тут, на зямлі. Ён адказаў на заклік Божы: „Пайдзі за мной, Юзэфе“. І ён пайшоў, і гэты яго шлях прыгожы, хоць і нялёгкі, бо гэта шлях з Езусам, які яго ўзмацняе.

Сёння мы сабраліся ў гэтым прыгожым санктуарыі, каб выказаць падзяку Богу за гэты дар святарства ад імя ўсіх тых людзей, да каго дакранулася Божая ласка праз айца Юзафа, ў тым ліку і за 30 гадоў працы на Беларусі, дзе ён абвяшчае радасць, якую дае чалавеку жывы Хрыстус», — дадаў арцыпастыр.

Пра багаты жыццёвы і святарскі шлях ксяндза Юзафа Пятушкі нагадаў у прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі. «Святарства, як сказаў святы Ян Павел II, — гэта дар і таямніца: дар, які Бог дае чалавеку, якога Ён выбраў і які адказаў Яму „так“. Нялёгка зрабіць гэты крок. Але ў Бога няма нічога выпадковага», — падкрэсліў іерарх.

Народжаны ў Росіцы, хлопчыкам Юзаф хадзіў з бацькамі ў касцёл, а першую споведзь і Першую Камунію ўдзяліў яму будучы мучанік, а цяпер благаслаўлёны ксёндз Юрый Ляшчэвіч. Потым быў пераезд у Польшчу, сталенне юнака, адказ Богу на пакліканне, кангрэгацыя марыянаў…

Бог зрабіў так, каб амаль у 60-гадовым узросце ксёндз Юзаф вярнуўся ў Беларусь, дзе вера і святыні нішчыліся бязбожнай савецкай уладай на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

Менавіта ён, святар-руплівец, з Божай дапамогай і з дапамогай Панны Марыі адраджаў веру і Касцёл на Беларусі, спаталяючы прагненне сасмаглых вернікаў слухаць Слова Божае і ісці за Хрыстом, яднацца з Богам у сакрамэнтах.

«Ён быў першым марыянінам, які <пасля вайны> прыехаў у Беларусь, — нагадаў біскуп Касабуцкі, — а цяпер ужо трынаццаць ксяндзоў марыянаў працуюць у нашай краіне, у тым ліку дзякуючы малітве айца Юзафа, дзякуючы ахвяры яго жыцця, яго прыкладу. І мы сёння дзякуем Езусу не толькі за дар святара, за такі яскравы прыклад самаадданага ахвярнага служэння, выканання Божай волі, але і за гэтага чалавека: чалавека-легенду, які стаў такой маленькай „фортачкай“, праз якую пранікала Божая ласка, свежае паветра веры», — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Відэазапіс урачыстасці

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа