Пошук

24.02.2022 16:05   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Увечары 23 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі абаронцаў Айчыны.

Арцыпастыр маліўся за ўсіх, хто служыць, і за тых, хто будзе служыць. Ён маліўся таксама «за тых, хто чакаў нас з войска, хто чакае і будзе чакаць, каб былі моцныя ў сваім намеры — дачакацца».

Іерарх асабліва падзякаваў «тым, хто на працягу вайсковай службы маліўся аб вытрымцы і паспяховай службе: службе дзеля супакою і пры гэтым у спакойных, мірных абставінах».

Арцыбіскуп нагадаў словы святога Яна Паўла II, які казаў, што служба ў войску з’яўляецца не толькі прафесіяй або абавязкам; яна таксама павінна быць «унутранным наказам сумлення, наказам сэрца».

«Салдацкая традыцыя праз вякі звязвала службу ў войску з любоўю да Айчыны», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Ён таксама згадаў словы з пастырскай Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору Gaudium et spes пра Касцёл у сучасным свеце: «Пакуль будзе існаваць небяспека вайны пры адначасовым недахопе міжнароднай улады, якая будзе мець неабходныя кампетэнцыі і забяспечвацца адпаведнай сілай, урадам нельга будзе адмаўляць у праве неабходнай абароны, калі толькі папярэдне яны вычарпаюць усе сродкі мірных перамоў» (GS 79).

На заканчэнне арцыпастыр заахвоціў вернікаў адказаць на заклік Святога Айца Францішка да посту і малітвы ў Папяльцовую сераду дзеля міру і згоды на еўрапейскім кантынэнце, каб браты славяне і вызнаўцы Хрыста ўмелі працягнуць адно аднаму руку да згоды.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа