9 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваў ліст Міністру Правінцыі святога Арханёла Міхала Ордэна Меншых Братоў Абсервантаў (бэрнардынаў) ва Украіне айцу Даніілу Ботвіну OFM, у якім ад імя вернікаў Касцёла ў Беларусі выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю айца Віктара Бурлакі OFM.
У лісце іерарх, між іншым, піша:
«З вялікім смуткам прынялі мы вестку пра тое, што 9 лютага ў бэрнардынскім кляштары ў Шаргарадзе на 48-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць айцец Віктар Бурлака OFM, які з 2002 па 2018 год нёс служэнне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у нашай краіне.
Мы памятаем той дзень, калі ў 2002 годзе айцец Віктар прыехаў у Беларусь, каб дзяліцца Евангеллем з патрабуючымі, а асабліва памятаем яго служэнне ў Будславе, дзе з 2005 года ён быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.
Айцец Віктар, большая частка святарскага жыцця якога прайшла ў Беларусі, застанецца ў памяці духавенства і вернікаў Правінцыі Касцёла на Беларусі як руплівы пастыр, сціплы манах і адкрыты сябра як для духоўных асоб, так і свецкіх вернікаў, а асабліва як руплівец культу Маці Божай Будслаўскай.
Ад імя духавенства і вернікаў Беларусі выказваю словы спачування і запэўніваю аб нашай малітве за спачылага айца Віктара», — напісаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.