Пошук

13.01.2022 10:47   Тэкст: кс. Міхал Бубен / Фота: кс. Павел Сідарэнка / Catholic.by

12 студзеня ў парафіі святога Антонія ў Магілёве прайшла пастырская сустрэча святароў і законных сясцёр, якія нясуць служэнне ў Магілёўскім і Бабруйскім дэканатах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Традыцыйна перад распачаццем сустрэчы словы віншавання і прывітання да прысутных скіраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Сустрэчу, якая распачалася малітвай апоўдні Літургіі гадзінаў, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які з гэтай нагоды наведаў горад на Дняпры.

Пасля супольнай малітвы брэвіярыя духоўную канферэнцыю прамовіў духоўны айцец Магілёўскага рэгіёна ксёндз канонік Андрэй Далянскі. У сваіх разважаннях святар аднёсся да дэвізу распачатага ў мінгулым годзе Сіноду Біскупаў: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія». Сваю ўвагу духоўны айцец засяродзіў менавіта на ўдзеле святароў у жыцці Касцёла, а менавіта на святарскім служэнні ў прапаведванні і падрыхтоўцы да яго.

«Таямніца кожнага нашага паклікання пачалася тады, калі Бог скіраваў на нас свой позірк і нас выбраў. Менавіта ў гэтым абранні і ёсць сакрэт кожнага паклікання», — зааначыў святар. Разважаючы над таямніцай паклікання на падставе фрагмента Паслання святога апостала Паўла да Галатаў (Гал 3, 29), ксёндз Андрэй заўважыў, што кожнае пакліканне з’яўляецца ўдзелам ў спадчыне Бога.

«Сёння важным з’яўляецца пытанне аб нашым удзеле ў жыцці Касцёла як супольнасці. Як мы рэалізуем заклік Хрыста быць Яго супрацоўнікамі?» — прапанаваў паразважаць духоўны айцец удзельнікам і ўдзельніцам сустрэчы.

Пасля канферэнцыі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту распачалася Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.

У прамоўленым Божым слове іерарх звярнуў увагу на прыгажосць новапабудаванай святыні — касцёла святога Антонія ў Магілёве — і рэфрэн рэспансарыйнага псальма з літургіі слова: «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю».

Арцыпастыр заахвоціў прысутных святароў і законных сясцёр кіравацца гэтымі натхнёнымі словамі ў штодзённым служэнні на магілёўскай зямлі.

Пасля святой Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой былі абмеркаваныя некаторыя бягучыя справы з жыцця архідыяцэзіі. Акрамя таго, кожны з прысутных мог асабіста паразмаўляць з арцыбіскупам Станеўскім і біскупам Яшэўскім.

Наступная пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў запланавана на 9 лютага. Яна пройдзе ў парафіі святога Казіміра ў Магілёве.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця