Сёлета католікі Слуцка і Старых Дарог святкавалі Божае Нараджэнне з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.
Іерарх наведаў парафіі святога Антонія ў Слуцку і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах, каб разам з мясцовымі вернікамі адзначыць урачыстасць Нараджэння Пана.
«Свята Божага Нараджэння — гэта свята, калі мы асаблівым чынам углядаемся ў Бэтлеемскую стаенку і разважаем над таямніцай Уцелаўлення. Бог стаў чалавекам, каб даць нам збаўленне і адкрыць для нас брамы Неба. Такім чынам, радасць Божага Нараджэння — гэта таксама радасць нашага збаўлення», — адзначыў іерарх.
Молячыся перад прыгожымі Бэтлеемскіямі стаенкамі, пабудаванымі ў Слуцку і ў Старых Дарогах айцамі францішканамі, вернікі мелі магчымасць наблізіцца да падзеі, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, і глыбей перажыць таямніцу Нараджэння Езуса Хрыста.
«Хто першы ўбачыў Нованароджанага Хрыста? Пастушкі. Простыя людзі, якія выконвалі звычайную простую працу, пасвілі свой статак. Яны першыя ўбачылі Божага Сына.
Заўважыць Божага Сына вельмі складана. Патрэбна пакорнае сэрца. Без пакоры ўбачыць Бога ў жыцці немагчыма, — падкрэсліў біскуп Касабуцкі. — Бог прамаўляе да пастушкоў праз Анёла ў цішыні. Таму дзеля таго, каб пачуць голас Бога і ўбачыць Яго дзеянне ў сваім жыцці, неабходна цішыня, малітоўнае засяроджанне. Дзеля гэтага не трэба шмат. Неабходна толькі знайсці час на малітву, на размову з Богам», — заўважыў іерарх.
«Калі мы ўзіраемся ў Бэтлеемскую стаенку, то бачым, што Божы Сын нарадзіўся ў хляве — у месцы, прызначаным для жывёлы. Але, з іншага боку, месца нараджэння Езуса Хрыста — гэта месца святое, бо Ён нарадзіўся ў Святой Сям’і Юзафа і Марыі, якія былі напоўнены любоўю, дабрынёй, міласэрнасцю… Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стайні, у хляве, бо не было месца Яму.
Таму, углядаючыся ў Бэтлеемскую стаенку, молімся, каб у нашых сэрцах заўсёды было месца для Бога! І гэта важна!» — падкрэсліў біскуп. Напрыканцы ён пажадаў усім вернікам, каб Езус Хрыстус нарадзіўся ў нашых сэрцах, у нашых душах, нягледзячы на слабасці і падзенні, змаганні і выпрабаванні.
Пасля Імшы біскуп Юрый Касабуцкі разам са слуцкімі і старадарожскімі дзецьмі разглядаў батлейкі з незвычайнымі фігуркамі і цікавымі «сакрэцікамі» — рухомымі элементамі: цягнік, які едзе да неба; певень, які спявае і будзіць усіх, хто ў касцёле на Пастэрцы засынае; дзядуля, які на скрыпцы «Ціхую ноч» іграе…
Парафіяне ў Слуцку і ў Старых Дарогах выказалі ўдзячнасць біскупу Касабуцкаму за тое, што ён падзяліў з імі радасць Божага Нараджэння: цэлебраваў Эўхарыстыю, а таксама прамовіў слова, якое ўзмацніла ў веры і наблізіла да Пана Бога, які стаўся Чалавекам, каб мы маглі стаць Божымі дзецьмі і ўвайсці ў Божае Валадарства.