Пошук

08.12.2021 09:38   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

7 снежня, ва ўспамін біскупа і доктара Касцёла святога Амброзія, у мінскім катэдральным касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 25-годдзя святарства Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

Цэлебрацыю, у якой узялі ўдзел усе іерархі архідыяцэзіі, узначаліў сам юбіляр. На пачатку святой Імшы да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

«Дваццаць пяць гадоў таму ў гэтай катэдры — ужо нашай катэдры, якая пачынала нанава адраджацца, — біскуп Юрый Касабуцкі, ксёндз канонік Ян Крэміс, ксёндз канонік Аляксандр Чайкоўскі і ксёндз Уладзіслаў Шышла атрымалі святарскае пасвячэнне. Сёння мы вяртаемся да таго моманту, <…> і таму я заахвочваю ўсіх да супольнай малітвы ў інтэнцыі нашага дастойнага юбіляра, а таксама тых святароў, якія разам з ім тады, дваццаць пяць гадоў таму, атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне», — запрасіў удзельнікаў Імшы арцыбіскуп Станеўскі.

Прывітаўшы сабраных у мінскай архікатэдры і тых, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by, біскуп Касабуцкі, у сваю чаргу, сказаў:

«Падчас гэтай святой Імшы, якую я цэлебрую як падзяку Богу за дар святарства, я таксама ахопліваю сваёй малітвай усіх тых людзей, якіх Бог паслаў на маім шляху падрыхтоўкі да святарства, на маім святарскім шляху, і прашу, каб Бог шчодра іх благаславіў, каб мы ўсе дайшлі да мэты нашага жыцця, якой з’яўляецца Валадарства Божае».

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які восем гадоў таму ў гэтай самай святыні ўдзяліў сённяшняму юбіляру біскупскае пасвячэнне.

Словы прачытанага ўрыўку з Евангелля «Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне» заслужаны іерарх аднёс да асобы біскупа Касабуцкага. Гаворачы пра асаблівасць цяперашняга літургічнага перыяду, ён адзначыў: «Адвэнт залікае нас засяродзіцца над таямніцай Богаўцелаўлення. Божае Нараджэнне на зямлі адкрывае шлях нашаму нараджэнню на нябёсах. У гэтым працэсе асаблівую роль адыгрывае святар як аlter Christus — другі Хрыстус і Добры пастыр, якім з’яўляецца біскуп Юрый Касабуцкі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што знешне святар падобны да кожнага іншага чалавека, але ў той жа час надзелены моцай Езуса. «Няма ў свеце іншага чалавека, акрамя святара, які можа перамяняць хлеб і віно ў Цела і Кроў Езуса, адпускаць грахі, цэлебраваць іншыя сакрамэнты», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што галоўнае заданне святара найлепш ілюструе біблійны вобраз Добрага Пастыра.

«У біскупе Юрыі Касабуцкім Касцёл на Беларусі атрымаў выдатнага настаўніка веры, які ў час спрыяльны і неспрыяльны мужна абвяшчае Божае слова і сацыяльнае вучэнне Касцёла.Гэтым ён падтрымлівае вернікаў, а ў часы крызісаў паказвае шлях для іх вырашэння.

Павага да вернікаў — інтэлігенцыі і простых людзей — з’яўляецца адметнай характарыстыкай служэння юбіляра. Яно вытрымала выпрабаванне часам не толькі ў звычайных сітуацыях, але і ў надзвычайных, калі трэба шукаць авечак, якія загубіліся, пакалечаныя і рассыпаліся. Вытрымала выпрабаванне і ў крызісных сітуацыях, калі ён стаў голасам таго, хто кліча ў пустыні, і ўказваў шлях да вырашэння не толькі духоўных, але таксама і грамадскіх праблем.

Ён мужна абвяшчае нязменную праўду Евангелля, бароніць годнасць чалавека і яго правы, заклікае да сацыяльнай справядлівасці», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён пажадаў юбіляру «быць святым Юрыем нашага часу, каб дзідаю Евангелля і Божай ласкай перамагаць злога духа сучаснасці, які праяўляецца ў грахоўным жыцці, несправядлівасці, адсутнасці духа пакаяння і прабачэння. Быць змагаром за праўду, якая чыніць людзей свабоднымі. Быць соллю нашай зямлі, каб не паддалася маральнаму сапсаванню!

Быць сумленнем нашай Бацькаўшчыны і яе светачам, каб не заблукала ў грахоўнай цемры!» — выказаў пажаданні заслужаны іерарх.

Перад заканчэннем цэлебрацыі Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ад імя ўсіх біскупаў архідыяцэзіі павіншаваў біскупа Касабуцкага, а ў яго асобе таксама тых, хто разам з ім прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, з 25-годдзем святарства.

«Сёння хочацца дзякаваць Богу, дзякаваць Вашым бацькам і ўсім тым, хто стаяў на дарозе Вашай падрыхтоўкі да святарства <…>, дзякаваць за Вашыя святарскія рукі, намашчаныя алеем хрызмам; за тое што Вы, нягледзячы ні на што, адважна прапаведуеце Хрыста, адважна служыце»,— сказаў біскуп Яшэўскі, даручыўшы далейшае служэнне свайго сабрата заступніцтву Багародзіцы і святога біскупа Амброзія. Віншаванні юбіляру скіравалі таксама прадстаўнікі моладзі і касцёльнага руху «Маці ў малітве».

Нарэшце, з заключным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся сам біскуп Касабуцкі.

«З перспектывы дваццаці пяці гадоў святарскага жыцця я магу следам за святым Янам Паўлам ІІ сказаць, што святарства — гэта дар і таямніца. Дар, які я атрымаў абсалютна без ніякіх заслугаў; дар, якога я ўвогуле не разумеў і не разумею да канца. Калі Бог сказаў мне „Ідзі за Мною“, <…> я проста адчуў у сваім сэрцы гэты голас, гэтае жаданне стаць святаром, пайсці ў духоўную семінарыю, хоць было шмат сумневаў, хоць гэта было нялёгкім крокам.

Але Бог такім чынам прывёў мяне ў Гродзенскую духоўную семінарыю, і сёння я хачу падзякаваць усім тым людзям, якія ў гэтай семінарыі выхоўвалі мяне як будучага святара», — сказаў іерарх, скіраваўшы словы падзякі перадусім арцыбіскупу Кандрусевічу, які адкрыў духоўную семінарыю ў Гродне, а таксама фарматарам, многія з якіх ужо адышлі ў вечнасць, і сваім калегам, з якімі разам ішлі да святарства.

Асаблівым чынам юбіляр узгадаў Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, з рук якога ён прыняў сакрамэнт пасвячэння, адзначыўшы, што той адыграў надзвычай важную ролю ў ягоным жыцці і далейшым святарскім служэнні.

Шмат цёплых словаў, поўных падзякі Богу, прагучала з вуснаў біскупа Касабуцкага ў адрас вялікай колькасці людзей, якіх яму давялося сустрэць у жыцці.

На заканчэнне цэлебрацыі прысутныя біскупы ўдзялілі яе ўдзельнікам пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 08.12.2021 09:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа