Пошук

11.11.2021 16:37   Catholic.by

9 лістапада Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч скіраваў ліст на імя дырэктара «Радыё Марыя» ў Беларусі ксяндза Аляксандра Фаміных, у якім павіншаваў супрацоўнікаў і слухачоў з 5-й гадавінай існавання гэтага каталіцкага радыё.

У сваім віншаванні прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне, між іншым, напісаў:

«З нагоды 5-й гадавіны вяшчання „Радыё Марыя“ ў Беларусі жадаю выказаць вам шчырыя віншаванні з нагоды гэтай сціплай, але важнай даты, якая мае значэнне для жыцця ўсёй супольнасці мясцовага Касцёла.

Сёння ў абвяшчэнні Евангелля Касцёл шырока выкарыстоўвае новыя прылады, дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, сярод якіх важную ролю адыгрываюць радыё і інтэрнэт. Але сродкі камунікацыі — гэта толькі інструменты ў руках людзей.

Пяцігоддзе вяшчання на беларускай мове каталіцкага „Радыё Марыя“ — гэта перадусім вынік руплівай і ахвярнай працы святароў і свецкіх вернікаў: кваліфікаваных спецыялістаў у сваёй галіне, але перадусім шчырых і адданых апосталаў, якія нясуць Божае слова сваім братам і сёстрам.

На хвалях вашага радыё слухачы ў самых аддаленых куточках Беларусі і шматлікія суайчыннікі за мяжой могуць пачуць на роднай мове слова збаўлення і надзеі, слова настаўлення і парады, слова суцяшэння і падтрымкі.

На працягу двух апошніх гадоў увесь свет жыве ў сітуацыі каранавірусных абмежаванняў, калі для многіх вернікаў часты ўдзел у набажэнствах у касцёле стаў немагчымым. У гэтай складанай сітуацыі менавіта „Радыё Марыя“ па прыкладу Багародзіцы, якая дае людзям свайго Сына — Уцелаўлёнае Слова, дзякуючы транляцыям святых Імшыў набліжае Хрыста тым, хто не можа ўдзельнічаць у Эўхарыстыі.

Папа Францішак у сваім віншаванні, скіраваным у лютым гэтага года Ватыканскаму радыё з нагоды 90-годдзя з часу яго заснавання, напісаў, між іншым, такія знамянальныя словы:

„Радыё мае цудоўную асаблівасць: яно нясе слова нават у самыя загубленыя месцы, а ў нашы дні злучае яго таксама з выявамі і пісьмовым тэкстам.

З мужнасцю і творчасцю прамаўляйце да свету і такім чынам будуйце камунікацыю, здольную дапамагчы ўбачыць праўдзівы стан рэчаў“, — пажадаў працаўнікам радыё Святы Айцец.

Гэтыя пажаданні Папы Францішка, якога я маю гонар прадстаўляць у вашай узлюбленай краіне, сёння я хачу перадаць Вам, шаноўны ксёндз Аляксандр, а таксама ўсім супрацоўнікам „Радыё Марыя“ ў Беларусі, якія прычыніліся да яго стварэння і дзейнасці на працягу пяці гадоў існавання. Шчыра дзякую вам, дарагія сябры, за вашу высакародную працу дзеля Евангелля, за вашу вернасць і адвагу, за тое што ніякія цяжкасці, з якімі вы сутыкаецеся, не прымусілі замоўкнуць голас „Радыё Марыя“ на беларускай мове.

Няхай заступніцтва Маці Божай, чыё імя носіць ваша радыё, абароніць вас і вашых блізкіх ад усялякага зла, а Яе матчына апека няхай спрыяе развіццю і пашырэнню вяшчання і аўдыторыі», — пажадаў Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч, удзяліўшы апостальскае благаслаўленне ўсім супрацоўнікам і слухачам «Радыё Марыя» ў Беларусі як задатак шчодрых Божых ласкаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.