Пошук


Старадаўні магілёўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, які стаў першай на сённяшніх беларускіх землях катэдральнай святыняй, 30 кастрычніка прыняў у сваіх мурах новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Пры ўваходзе ў касцёл свайго арцыпастыра прывіталі вернікі Магілёўшчыны на чале з адказным за гэты ўсходні рэгіён архідыяцэзіі Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і госці, якія прыбылі ў гістарычную катэдру Магілёва, каб супольна памаліцца падчас святой Імшы.

Сотні слухачоў з розных краін духоўна далучыліся да Эўхарыстыі з дапамогай прамой аўдыётрансляцыі на партале Catholic.by.

Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Станеўскі, на якім былі ўпрыгожаныя яго арцыбіскупскімі гербамі арнат і мітра, падараваныя яму з нагоды афіцыйнага ўступлення на пасаду духавенствам і вернікамі Магілёўшчыны.

У прывітальным слове, скіраваным да новага Мітарапаліта і ўсіх прысутных, біскуп Яшэўскі падкрэсліў надзвычайнасць гэтага гістарычнага моманту.

«Сёння, 30 кастрычніка арцыбіскуп Мітрапаліт пераступіў парог нашай старажытнай святыні, каб урачыста ўступіць на магілёўскую катэдру. Мы ўсе радыя прыняць удзел у гэтай урачыстасці, а таксама ў гістарычнай падзеі, якая з’яўляецца часткай гісторыі нашага рэгіёна», — сказаў Біскупскі вікарый Магілёўшчыны.

Віншуючы арцыпастыра з распачаццем біскупскага служэння ў магілёўскай частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Яшэўскі запэўніў яго, што на Магілёўшчыне ён знойдзе руплівых і адданых супрацоўнікаў у сваіх святарах, кансэкраваных асобах і ў супольнасцях свецкіх вернікаў, шчыра адданых справе духоўнага і рэлігійнага аднаўлення ўсходняй часткі архідыяцэзіі.

«Я запэўніваю Вас, Ваша Эксцэленцыя, ў нашай еднасці веры і братэрскай любові, бо толькі ў еднасці са сваім біскупам мы зможам працягваць будаваць прыгожую дыяцэзіяльную супольнасць, заснаваную на багатай гісторыі нашых продкаў», — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У першай сваёй гаміліі, скіраванай вернікам Магілёўшчыны, арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся да іх перадусім як брат, выказаўшы радасць сустрэчы і супольнай малітвы са сваёй паствай на ўсходзе.

Іерарх, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за моладзь, асабліва падкрэсліў, што ад моладзі залежыць будучыня Касцёла, звязаўшы з актыўнасцю маладых вернікаў яго паспяховае развіццё таксама на магілёўскай зямлі.

Пасля Эўхарыстыі арцыбіскуп Мітрапаліт скіраваўся ў Бялынічы, каб памаліцца ў тым месцы, дзе калісьці слынуў ласкамі цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі. У верасні перад старажытным спісам гэтай легендарнай іконы іерарх прысвяціў усю Беларусь і Касцёл на нашай зямлі заступніцтву Багародзіцы.

 

Абноўлена 30.10.2021 23:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця