Пошук

23.10.2021 23:07   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

23 кастрычніка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі падчас урачыстай святой Імшы з нагоды ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прамовіў гамілію, у якой зазначыў прыярытэты свайго арцыпастырскага служэння ў сталіцы Беларусі.

Тэмай першай на новай пасадзе гаміліі іерарха стала фраза, вынесеная ў тытул: «Бэтлеем — дом хлеба; Беларусь — дом супакою і братэрства». Напачатку арцыбіскуп прывітаў Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, у асобе якога выказаў падзяку Святому Айцу Францішку за аказаны яму давер.

«Прашу Вас перадаць Яго Святасці, што „на Беларусі Бог жыве“», — звярнуўся з просьбай да прадстаўніка Папы арцыбіскуп Станеўскі.

Прывітаўшы затым усіх прысутных на цэлебрацыі беларускіх іерархаў на чале са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, новы Мітрапаліт падзякаваў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу за гады фармацыі да святарства ў Гродзенскай семінарыі, а таксама за ўдзеленыя тры ступені сакрамэнту пасвячэння: дыяканату, святарства і біскупства.

«Са словамі асаблівай удзячнасці я звяртаюся да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, майго шаноўнага папярэдніка на Мінска-Магілёўскай катэдры, першага біскупа ў новай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Мы ведаем, што першапраходцу заўсёды цяжэй, чым наступнікам.

Дзякую за Ваш багаты ўнёсак у адраджэнне і развіццё Касцёла і за пастырскую адвагу ў справе абвяшчэння Хрыстовага Евангелля. Дзякую шчыра і прашу аб далейшай малітве і пастырскай паслузе людзям добрай волі», — сказаў свайму папярэдніку іерарх, а таксама падзякаваў біскупу Казіміру Велікасельцу, які на працягу дзевяці месяцаў кіраваў архідыяцэзіяй у якасці Апостальскага адміністратара, як калісьці гэта рабіў прысутны на цэлебрацыі сённяшні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Словы прывітання арцыбіскуп Станеўскі скіраваў сваім братам у пастырскай адказнасці за Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію: яе Генеральнаму вікарыю біскупу Юрыю Касабуцкаму і Біскупскаму вікарыю для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB; Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку, а таксама прадстаўнікам братняй Беларускай Праваслаўнай Царквы: протаіерэю Аляксандру Шымбалёву і іерэю Дзмітрыю Каўрыгу, якія прыбылі на ўрачыстую цэлебрацыю па даручэнні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Іерарх прывітаў прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, вернікаў іншых рэлігій, а таксама афіцыйных асоб: Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Румака, прадстаўнікоў дыпламатычных місій і дабрачынных арганізацый.

Прывітаўшы святароў, кансэкраваных асоб і семінарыстаў, з пачуццём асаблівай сардэчнасці і любові арцыбіскуп Станеўскі вітаў родных брата і сясцёр з іх сем’ямі, сваякоў і блізкіх, вернікаў з родных Заневіч і з Гродна.

«Маёй маме Гэлене перадаю сыноўскі паклон у роднай хаце, дзякуючы за вышываны ручнік — сімвал чысціні і цяпла роднага кута. Малюся таксама за майго памерлага тату Рамуальда, які — вельмі веру ў гэта — лучыцца з намі з дома Нябеснага Айца», — дадаў арцыбіскуп Станеўскі.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных, ён сказаў: «Вітайце, гэта я, Юзаф, брат ваш».

Адзначыўшы прыгажосць мінскай архікатэдры — галоўнай святыні яго арцыбіскупскай сталіцы, — іерарх з удзячнасцю ўзгадаў першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка, дзякуючы якому пры падтрымцы многіх вернікаў, ахвярадаўцаў і дзяржавы было адроджана хараство гэтага Божага дома. «Пасля адбудовы, падчас рэкансэкрацыі гэтай святыні 21 кастрычніка 1997 года, у дзень свайго нараджэння, кардынал Свёнтэк, між іншым, сказаў:

„Касцёл не можа быць той або іншай нацыянальнасці. Наш Касцёл — гэта Каталіцкі Касцёл, які аб’ядноўвае ўсіх. Для ўсіх народаў ёсць у ім месца. Кожны католік мае права захоўваць сваю нацыянальнасць, вызнаваць і практыкаваць сваю веру на сваёй роднай мове“», — згадаў словы Сведкі веры яго наступнік на Мінска-Магілёўскай катэдры, пасля чаго запрасіў прысутных «думкамі і сэрцам перанесціся да дому нашай Маці і Каралевы Беларусі, у Нацыянальны санктуарый у Будславе».

«Калі здарыўся пажар у гэтай нашай галоўнай святыні, з трывогай і болем праз дым і полымя агню мы шукалі Яе абраз, цудадзейны абраз нашай Маці Будслаўскай. <…> Я ўпэўнены, што разам усе мы, дзеці нашай сінявокай краіны, з дапамогаю людзей добрай волі, ахвярадаўцаў і пры падтрымцы дзяржавы адбудуем Дом Марыі, адбудуем беларускі Бэтлеем, Дом супакою і братэрства. А Ты, Пані наша і Каралева, падкажы нам, як тады, на вяселлі ў Кане Галілейскай, што мы павінны зрабіць, каб нанава пасялілася Ты са сваім Сынам Езусам Хрыстом на нашым малітоўным згуртаванні ў Будславе і магілёўскіх Бялынічах», — скіраваў натхнёны Евангеллем малітоўны заклік да Багародзіцы іерарх.

Цёплымі сардэчнымі словамі згадаў арцыбіскуп Станеўскі бацькоўскі дом, дзе распачаў свой жыццёвы шлях; працу ў полі і службу ў войску непадалёк ад Мінска, у Мачулішчах, дзе гартавалася і сталела вера будучага арцыпастыра. У Год сям’і, які па ініцыятыве Папы Францішка перажывае сёлета Каталіцкі Касцёл, ён падкрэсліў, што «як Касцёл, так і дзяржава — гэта Сям’я сем’яў», паабяцаўшы «ахінуць сваёю малітваю просьбу Апостальскага Пасаду аб паскарэнні працэсу амністыі для зняволеных <…>, каб паядналіся сем’і».

Звярнуўшы ўвагу на сучасны крызіс сям’і, арцыпастыр запрасіў зрабіць усё для таго, «каб наша беларуская сям’я была моцная Богам, спавітая любоўю; была гарантам справядлівасці і прытулкам грэшнікаў. <…>

Сям’я — добрая справа, калі ўсе маюць у ёй сваё месца і выконваюць сваё пакліканне, на якое кожнага натхняе Пан Бог», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Іерарх, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце шмат гадоў з’яўляецца адказным за моладзь, не абмінуў увагай маладое пакаленне.

«Следам за Святым Айцом Францішкам прашу вас: зрабіце наш Касцёл маладым і дынамічным дзякуючы вашай прысутнасці ў ім; сваёй маладосцю, сваімі планамі і пытаннямі. Для гэтага, па словах Пантыфіка трэба ўстаць з выгоднай канапы, адарвацца ад манітора ці тэлефона, трэба вырвацца з дабравольна абранай самотнасці. Благаслаўлёнага падарожжа з Касцёлам і ў Касцёле, мілай сустрэчы з Хрыстом, любая моладзь!» — пажадаў арцыпастыр.

Звяртаючыся да духавенства і кансэкраваных асоб, ён нагадаў сваім супрацоўнікам на ніве Пана словы Хрыста аб абранні і пасланніцтве, а таксама Яго заклік, «каб мы любілі адзін аднаго» (пар. Ян 15, 16–17). Спаслаўшыся на вучэнне святога апостала Паўла, спадчыну святых пастыраў Касцёла і настаўленні Пятра нашага часу Папы Францішка, арцыбіскуп запрасіў усіх пакліканых да асаблівага служэння ў Касцёле наследаваць Езуса Добрага Пастыра, несучы ў сэрцы святло Евангелля, моц Эўхарыстыі і еднасць Касцёла.

«Дарагія, вы — веснікі Божай любові, прарокі Духа на рынку матэрыяльных рэчаў, спадкаемцы жывой Традыцыі і абвяшчэння будучыні згубленаму свету.

Касцёл не гарантуе вам міру, але паўтарае вам з Хрыстом: не бойцеся служыць Богу і людзям», — падкрэсліў арцыпастыр, скіраваўшы словы заахвочвання таксама семінарыстам і ўдзельнікам касцёльных рухаў і супольнасцяў.

Звярнуўшы ўвагу на нядаўна распачаты Папам Францішкам разам з усім Касцёлам Сінадальны працэс, які будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага, іерарх запрасіў духавенства і вернікаў да супольнага шляху і жывога дыялогу пра лёс і спадзяванні чалавека XXI стагоддзя. У гэтым кантэксце ён нагадаў словы Святога Айца з яго энцыклікі Fratelli tutti, прысвечанай братэрству і сацыяльнаму сяброўству:

«Касцёл не адсоўвае сваю місію ў сферу прыватнага і, хоць не займаецца палітыкай, аднак не адмаўляе палітычнага вымярэння жыцця, надае ўвагу ўсеагульнаму дабру, клопату пра ўсебаковае развіццё чалавека згодна з прынцыпамі Евангелля, каб у імя чалавечага братэрства міжрэлігійны дыялог быў прыняты за шлях, супрацоўніцтва — за стыль паводзін, узаемнае пазнанне — за метад і крытэрый дзейнасці».

Нагадаўшы пра тое, што цяпер Касцёл перажывае абвешчаны Папам Францішкам Год святога Юзафа, арцыбіскуп Юзаф паўтарыў за Пантыфікам яго запрашэнне з Апостальскага ліста Patris corde не разлічваць толькі на ўласныя сіла, але запрасіць святога Юзафа, які навучыць «найважнейшым рэчам, даверу і службе, што з’яўляюцца падмуркам наладжанага асабістага жыцця, сямейнага і грамадскага, а таксама спаўненнем даверанай Богам місіі».

«Перажываючы час выпрабавання, час пандэміі кавіду, скіроўваем праз святога Юзафа нашыя малітвы за ўрачоў, „людзей у белых халатах“, з вялікай удзячнасцю ім і іх блізкім, за іх клопат аб здароўі нацыі, за маё таксама», — выказаў удзячнасць медыкам іерарх, які сам перанёс каранавірус.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся з просьбай аб Божай дапамозе і заступніцтве святых.

«Мае дарагія браты і сёстры! Усіх вас і сябе хачу даручыць Маці Божай Суцяшальніцы Засмучанных у Яе тытуле Маці Нястомнай Дапамогі. Марыя, Каралева Беларусі, маліся за нас! Святы Юзафе, апякуйся намі! Святы Міхале Арханёле, абараняй нас ад злога!

Каб агульнымі намаганнямі і малітвай мы маглі ўчыніць Беларусь домам супакою і братэрства, як Ты, Божа, учыніў гэта з Бэтлеемам, робячы яго Домам Хлеба. Божа, благаславі Беларусь! Амэн».

Фота Віктара Ведзеня

Абноўлена 25.10.2021 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця