Пошук

23.10.2021 19:31   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч падчас урачыстай цырымоніі афіцыйнага ўступлення арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага скіраваў яму віншаванне і пажаданні як свайму наступніку на сталічнай катэдры.

Віншаванне арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча
арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму
з нагоды афіцыйнага ўступлення на пасаду
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Глыбокапаважаны Экцэленцыя Юзаф Станеўскі!

У свята Узвышэння Святога Крыжа 14 верасня 2021 года Святы Айцец Францішак прызначыў цябе новым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам, маім непасрэдным наступнікам на сталічнай каталіцкай катэдры. Сёння ты афіцыйна ўступіў на пасаду трэцяга Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Мітрапаліта, з чым ад усяго сэрца віншую!

Служыць Богу і людзям ў сталіцы нашай Айчыны само па сабе з’яўляецца вялікім гонарам, але адначасова і адказным заданнем духоўна ўзмацняць і кіраваць даручанай тваёй пастырскай апецы архідыяцэзіяй у наш складаны час новых маральных і грамадска-палітычных выклікаў.

Распачынаючы новае служэнне на касцёльнай ніве не бойся яго крыжа. Ты не адзін. Калі Бог паклікаў, то Ён будзе і дапамагаць. Ён пасылае цябе да народа, які вытрымаў ганенні, прайшоў праз ваду, агонь і медныя трубы і не толькі не страціў веры ў складаных умовах ваяўнічага атэізму, але і перадаў яе маладому пакаленню, якое сёння, у час дэсакралізацыі, патрабуе духоўнай дапамогі.

У апошнія 30 гадоў свабоды веравызнання наш народ клапаціўся пра аднаўлення і будаўніцтва касцёлаў як месцаў спаткання чалавека з Богам; маральна, малітоўна і матэрыяльна ўспамагаў Касцёл, яго структуры і пастырскія ініцыятывы. Ён будзе маліцца за цябе і падтрымліваць у служэнні як наступніка апосталаў.

Бог пасылае цябе да святароў і кансэкраваных асоб, якія ахвярна нясуць на сваіх плячах цяжар пастырскага служэння, і якім Касцёл бязмежна ўдзячны. Яны знаходзяцца на першай лініі фронту служэння людзям і з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупа.

Галілейскія рыбакі падчас сустрэчы з Езусам перажылі свой кайрос — вырашальны момант, які кардынальна змяніў іх жыццё. З простых рыбакоў яны сталі апосталамі, якім Хрыстус даверыў будаваць сваё Валадарства на зямлі.

Найдастойнейшы арцыбіскуп Юзаф! Ты ўступаеш у новы этап свайго жыцця і служэння Касцёлу. Гэта твой кайрос, які ўводзіць у новыя пастырскія і адміністрацыйныя абавязкі, а таксама заклікае быць актыўным лаўцом чалавечых душаў у час секулярызму і маральнага рэлятывізму.

Не бойся адплысці на глыбіню, як да гэтага заклікае святы Ян Павел ІІ. Не бойся закінуць сеткі Божага слова ва ўзбуранае мора сучаснасыці з яе праблемамі і выклікамі, бо там цябе чакае багаты ўлоў. Не бойся абвяшчаць Божае слова ў час спрыяльны і неспрыяльны.

Узброены евангельскай праўдай, пастырскім досведам і Божай ласкай, ідзі да ўсіх людзей: адукаваных і простых, багатых і бедных, маладых і старых, здаровых і хворых, задаволеных жыццём і прыгнечаных, жывучых паводле духа Евангелля і грэшнікаў, свабодных і тых, якія ў вязніцы, бо ты пастыр для ўсіх.

Мужна выконвай абавязкі настаўніка, абвяшчай Божую праўду, нават калі свет яе не ўспрымае, асвячай людзей Божай ласкай і мудра кіруй Божым народам, будучы яго слугой. Выкарыстоўвай сацыяльнае вучэнне Касцёла для вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек і грамадства. Паводле словаў святога Аўгустына, будзь для людзей біскупам, а разам з імі — хрысціянінам.

Сёння ты ўзяў у свае рукі стырно карабля, імя якому — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і мітраполія. Узбураныя хвалі маральных і грамадска-палітычных выклікаў нашага часу пагражаюць яму. Кіруючыся компасам Евангелля, ты як яго новы капітан мужна і мудра кіруй ім, каб ён стаў паратункам у духоўнай хваробе нашага грамадства і вёў людзей да пазнання праўды, якая ўчыніць іх свабоднымі, як кажа Хрыстус.

Дэвізам свайго служэння на Мінска-Магілёўскай катэдры ты выбраў тытулы Паслясінадальных апостальскіх адгартацый Святога Айца Францішка, прысвечаных новай евангелізацыі: Evangelii gaudium i моладзі: Christus vivit — «Радасць Евангелля» і «Хрыстус жыве».

Няхай дзякуючы твайму служэнню душы людзей напоўняцца радасцю Евангелля, якое вядзе да жыцця ў Хрысце!

Божае благаслаўленне, успамога Божай Маці Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святога Арханёла Міхала, Апекуна Касцёла ў Беларусі, і святога Юзафа, твайго нябеснага Апекуна, няхай умацоўваюць цябе на многія, святыя і плённыя гады служэння Богу, Касцёлу, людзям і нашай Айчыне Беларусі!

Ad multos annos!

З належнай пашанай і малітвай,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
твой папярэднік на Мінска-Магілёўскай катэдры

Мінск, 23 кастрычніка 2021 г.

Абноўлена 23.10.2021 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця