17 і 18 кастрычніка ў Гродне прайшлі набажэнствы падзякі за служэнне Касцёлу Гродзенскай дыяцэзіі дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, які 14 верасня быў прызначанаы арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Як паведамляе Grodnensis.by, 17 кастрычніка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася святая Імша падзякі, цэлебрацыю якой узначаліў сам новапрызначаны арцыбіскуп Станеўскі.
Касцёлу сваёй роднай дыяцэзіі ён прысвяціў больш за 25 гадоў руплівага душпастырскага служэння: спачатку як святар, а потым як біскуп.
У Эўхарыстыі ўзяў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўдзяліў Юзафу Станеўскаму спачатку дыяканскае, потым прэзбітэрскае, а пасля і біскупскае пасвячэнне. У галоўнай каталіцкай святыні Гродна з гэтай нагоды сабраліся шматлікія жыхары горада над Нёманам, каб падтрымаць малітвамі іерарха на парозе яго новага адказнага служэння ў Касцёле на Беларусі.
Заканчваючы служэнне ў роднай дыяцэзіі, арцыбіскуп Станеўскі найперш выказаў удзячнасць Богу за ўсялякае дабро, якое з Яго ласкі атрымаў.
Словы ўдзячнасці ён адрасаваў Папу Францішку за давер да яго, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да яго духоўнага развіцця і ўзрастання ў веры: бацькам — за дар жыцця і веры, родным і суседзям — за спадарожнічанне.
Іерарх падзякаваў дыяцэзіяльнай супольнасці на чале з яе пастырам біскупам Кашкевічам, святарам і айцам законным, кансэкраваным асобам: жывым — за супольны шлях разам, а памерлым — за прыклад вернага трывання пры алтары Пана.
Таксама ён звярнуўся да вернікаў, асабліва моладзі, якая была такой блізкай яму, з просьбай не баяцца жыць з Богам у сэрцы, актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і сваёй прысутнасцю паказваць, што вера жывая. Прызначаны арцыбіскуп прасіў аб малітве за яго і за ўсіх, да каго пасылае ягo Хрыстус Пан, каб згодна са сваім пастырскім дэвізам ён мог з верай абвяшчаць радасць Евангелля, што Хрыстус жыве.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за гады, на працягу якіх ён быў яго найбліжэйшым супрацоўнікам у дыяцэзіі.
Біскуп запэўніў, што Касцёл на Гродзеншчыне будзе і надалей падтрымліваць малітвамі свайго земляка, які з гэтых людзей быў выбраны і да людзей пасланы. Біскуп пажадаў яму, каб пры сустрэчы з новымі задачамі ў Касцёле Дух Святы ўдзяляў свайму абранніку патрэбныя дары і натхняў на прыняцце добрых рашэнняў.
Grodnensis.by паведамляе, што на наступны дзень, 18 кастрычніка, у свята святога евангеліста Лукі, у гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім) сабраліся на малітве сёстры законныя і святары, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, на якой духавенства, кансэкраваныя асобы і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне дзякавалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за служэнне ў дыяцэзіі.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ў адным з найстарэйшых касцёлаў Гродна ўзначаліў сам новапрызначаны арцыбіскуп.
У гаміліі іерарх адзначыў важнасць вялікай і руплівай малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле. Звяртаючыся да святароў і кансэкраваных асоб, ён падкрэсліў, што ў гэтым вялікае значэнне мае сведчанне жыцця, каб іншыя, асабліва маладыя людзі, гледзячы на добры прыклад, хацелі прысвяціць сябе служэнню Богу.
Арцыбіскуп дадаў, што сам у юнацтве палюбіў Бога і Касцёл дзякуючы пробашчу яго роднай парафіі ў Заневічах айцу Казіміру Жылісу, езуіту, які адышоў у вечнасць у гэтым годзе. Дзякуючы рупліваму служэнню гэтага святара будучы арцыбіскуп адкрыў пакліканне да святарства.
Іерарх падкрэсліў важнасць жыцця Евангеллем, якое, згодна з яго біскупскім дэвізам, належыць абвяшчаць з радасцю і ўласным жыццём, каб людзі, бачачы хрысціянскія ўчынкі, таксама хацелі праслаўляць Пана.
Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падзякаваў біскупу Гродзенскаму за ўдзеленыя яму дыяканскае, прэзбітэрскае і біскупскае пасвячэнне. Таксама ён падзякаваў святарам і сёстрам законным за супольны шлях і ажыццяўленне Хрыстовай просьбы «ідзіце і навучайце».
Пасля Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да свайго малодшага сабрата, падзякаваўшы яму за служэнне ў дыяцэзіяльнай сям’і ў выкананні розных функцый і задач.
Іерарх пажадаў новапрызначанаму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаць для сваіх новых вернікаў арцыпастырам чалавечых сэрцаў, каб несці ім радасць Евангелля.
Ад імя духавенства і сясцёр законных віншаванні з нагоды высокага прызначэння выказаў канцлер Курыі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч.
Падчас набажэнстваў падзякі шмат цёплых словаў у адрас арцыбіскупа Станеўскага скіравалі вернікі і прадстаўнікі касцёльных устаноў, рухаў і супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Касцёле на Гродзеншчыне. У суботу 23 кастрычніка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца ўрачыстае ўступленне на пасаду новага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.