Пошук

12.10.2021 16:12   Тэкст: Алена Блусянкова / Фота: Генадзь Бука / Catholic.by

З нагоды другой гадавіны заснавання апостальскага малітоўнага руху «Жывы місійны Ружанец», 9 кастрычніка ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылася малітоўная сустрэча з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Напачатку пробашч залатагорскай парафіі і душпастыр «Жывога місійнага Ружанца» ксёндз канонік Юрый Санько шчыра прывітаў усіх удзельнікаў малітоўнага руху і тых, хто далучыўся да супольнай малітвы ў касцёле на Залатой Горцы.

Малітоўная сустрэча распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і працягнулася ружанцовым набажэнствам. Вернікі разам разважалі над радаснымі таямніцамі святога Ружанца, молячыся аб трыумфе Беззаганнага Сэрца Марыі, за Святога Айца Францішка, біскупаў, святароў, дыяканаў і кансэкраваных асоб, за семінарыстаў, аб новых святарскіх пакліканнях і аб хутчэйшым аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, стала кульмінацыяй малітоўнай сустрэчы.

У гаміліі біскуп Яшэўскі засяродзіўся на духоўным змесце Анёльскага прывітання, або малітвы «Вітай, Марыя», якая складаецца з трох частак: прывітання, праслаўлення і просьбы. Іерарх падзякаваў удзельнікам руху за духоўную падтрымку і заахвоціў прысутных штодзённа маліцца на ружанцы.

Пасля Імшы каарданатар апостальскага малітоўнага руху «Жывы місійны Ружанец» Алена Блусянкова прадставіла кароткую справаздачу аб тым, як рух развіваецца ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі і ў бліжэйшым замежжы. Паводле яе, з кастрычніка 2020 года колькасць удзельнікаў «Жывога місійнага Ружанца» павялічылася на 367 чалавек, і цяпер да малітоўнага руху належаць 764 чалавекі: 253 з Гродзенскай дыяцэзіі, 230 з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 159 з Віцебскай і 104 з Пінскай. Да супольнасці ўжо далучыліся 18 католікаў, якія жывуць у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, Германіі, і нават адзін чалавек з Малайзіі (Куала-Лумпур).

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй супольная сустрэча не сабрала вялікай колькасці ўдзельнікаў руху, у сувязі з чым было прынята рашэнне ў сакавіку наступнага года правесці яшчэ адну сустрэчу, якая будзе прымеркавана да ўрачыстасці святога Юзафа — аднаго з апекуноў апостальскага малітоўнага руху «Жывы місійны Ружанец».

Атрымаць інфармацыю пра ўдзел у апостальстве і ўзгадніць таямніцу Ружанца для малітвы можна па тэлефоне:

+ 375 (29) 557 08 27

альбо па электроннай пошце:

alena2012misericordia@gmail.com

Алена Блусянкова, каардынатар малітоўнага руху

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця